2011-02-08 13:01:00

Дэкларацыя “Nostra aetate”. “Другі Ватыканскі Сабор - компас ІІІ тысячагоддзя”. Выпуск 14


RealAudioMP3 Традыцыйна ў аўторкі наша праграма прпануе слухачам цыкл прысвечаны спадчыне Другога Ватыканскага Сабору. Сёння гаворка пойдзе пра дэкларацыю “Nostra aetate”.

Усе рэлігіі роўныя? Усе праўдзівыя? Адказ на гэтае пытанне павінен быць НЕ. Немагчыма, на самой справе, рацыянальна сцвердзіць, што заявы “Езус Хрыстус ёсць Богам” і “Езус Хрыстус не ёсць Богам” з’яўляюцца ідэнтычнымі і аднолькава адпавядаюць праўдзе. Якая ж рэлігія сапраўдная?

Другі Ватыканскі Сабор навучае, што сапраўдная рэлігія тая, якую “сам Бог паказаў чалавецтву як шлях, на якім, служачы Яму, людзі могуць быць збаўлены ў Хрысце” і, “што гэтая адзіная праўдзівая рэлігія трывае ў каталіцкім і апостальскім Касцёле” (DH,1). У той жа час у дэкларацыі “Nostra aetate” Сабор сцвярджае, што “Каталіцкі Касцёл не адмаўляе нічога, што ў іншых рэлігіях ёсць праўдзівага і святога”, якія “усё ж часам адлюстроўваюць промень той Праўды, якая асвячае ўсіх людзей” (2)

Такі міжрэлігійны дыялог азначае не ўраўноўванне ўсіх рэлігій, але супольнае шуканне праўды і сумесныя дзеянні на карысць усіх. Дыялог, аднак, не ўплывае на абавязак Касцёла “абвяшчаць Хрыста, які ёсць шляхам, праўдай і жыццём” (2).

“Nostra aetate” у асноўным закранае тэмы ісламу і юдаізму. “Касцёл – чытаем у ёй – з павагай ставіцца да мусульманаў, якія пакланяюцца адзінаму Богу” (3). І сёння Бэнэдыкт ХVI паўтарае гэтую заяву, сцвярджаючы, што дыялог з ісламам павінен быць “заснаваны на агульным зразуменні свабоды і праўды”. (Святло свету, пар. 9)

Што тычыцца юдаізму, Сабор нагадаў, што хрысціяне ”духоўна аб’яднаныя з нашчадкамі Абрагама” (4). Такім чынам усе праявы антысемітызму жорстка асуджаюцца. Другі Ватыканскі Сабор не хоча абмежаваць дыялогу з яўрэямі да трагедыі Шоа і сцвярджае, што “хоча захоўваць і падтрымліваць узаемаразуменне і пашану, якія заўсёды з’яўляюцца плёнам біблійных і тэалагічных даследаванняў, а таксама братэрскага дыялогу” (4). Такім чынам нават калі ў сустрэчы паміж рэлігіямі не магчыма абмінуць палітыкі, заўсёды Бог стаіць у аснове міжрэлігійнага дыялогу.







All the contents on this site are copyrighted ©.