2011-02-07 13:31:12

Эфіёпія: радыкальныя ісламісты атакуюць хрысціянаў


RealAudioMP3 У Эфіёпіі радыкальныя ісламісты атакуюць хрысціянаў. У горадзе Бешэно, населенага пераважна мусульманамі, у апошні час яны ажыццявілі серыю нападаў на мясцовых паслядоўнікаў Хрыста. Іх мэтай было прымусіць вернікаў прыняць іслам або пакінуць горад. Па дадзеных перапісу з 2007 года амаль 94 працэнтаў жыхароў Бешэно з’яўляюцца мусульманамі, хрысціяне складаюць каля 6 працэнтаў.

У выніку гэтых нападаў тры мясцовыя хрысціянскія лідэры былі вымушаныя пакінуць горад, а некалькі хрысціянаў былі прымушаны прыняць іслам.

Улады горада адмаўляюцца ахоўваць мясцовых паслядоўнікаў Хрыста, не згаджаюцца таксама на будаўніцтва цэнтра малітвы і могілак. “Мы просім павагі да нашых правоў і рэлігійнай свабоды. Мы не можам жыць у нашым горадзе з-за гэтых бесчалавечых паводзін”, - сказаў адзін з хрысціянскіх лідэраў, які быў вымушаны пакінуць Бешэно.

У Эфіёпіі павялічваецца працэнт нехрысціянаў, асабліва мусульманаў. Па афіцыйных дадзеных хрысціяне складаюць крыху больш за 45 працэнтаў усіх жыхароў краіны, а паслядоўнікі ісламу каля 31 працэнта. Ісламскія краіны эканамічна націскаюць на Эфіёпію, што можа прывесці да прынцыповай змены ў рэлігійнай структуры гэтай краіны.







All the contents on this site are copyrighted ©.