2011-02-07 14:10:53

"У пошуках хрысціянскай ідэнтычнасці". Cпакуса духоўнага песімізма


Мы працягваем нашыя разважанні аб пагрозах і шанцах ва ўмацаванні хрысціянскай тоеснасці. У мінулай перадачы мы заўважылі, што ад самаразумення чалавека ў многім залежаць яго адносіны да Бога і да Касцёла. У прыватнасці, гэта тычыцца хрысціянскай праўды аб грэшнасці і яе практычных наступствах у штодзённым і сакрамэнтальным жыцці.

Здаецца, не трэба шмат распавядаць аб тым, як моцна кожны чалавек паранены грахом і як цяжка даецца сапраўднае жыццё ў Божай ласцы. Гэта ўсведамляе і перажывае кожны. Аднак высновы, якія канкрэтны чалавек робіць з гэтай праўды, могуць далёка адвесці яго ад каталіцкасці і хрысціянства.

У сённяшняй перадачы звернем увагу на тую катэгорыю вернікаў, якая прытрымліваецца крайне песімістычнага бачання чалавека. Гэтая візія часта ўмацоўваецца нейкай жыццёвай драмай або трагедыяй. Стаўшы перад абліччам смерці, цяжкай хваробы ці інваліднасці, многія вернікі пачынаюць інакш глядзець на чалавека і на Бога. На жаль, у такія моманты асабліва пагражае спакуса духоўнага песімізма. У такой сітуацыі можна згубіць веру ў дзейснасць Божай ласкі. Гэта той момант, калі асоба можа зацыкліцца на сваім болю і надалей толькі праз яго прызму сузіраць свет. Гэта не абавязкова можа быць боль цела. Таксама і хвароба душы – грэх – можа стаць тым крывым люстэркам, праз якое асоба пачне глядзець на сябе, на свет і на Пана Бога.

Кожны чалавек імкнецца неяк растлумачыць прысутнасць зла ў сваім жыцці. Некаторыя вернікі падзяляюць абсалютна некаталіцкае перакананне аб прадвызначэнні. Гэта тып мыслення кшталту: “такі лёс”, “бо так трэба было”, “усё вырашана за нас на Нябёсах”. Каб неяк апраўдаць сваё бяссілле перад абліччам зла, або нежаданне яму супарціўляцца, чалавек гатовы ўсё апраўдваць лёсам. Бог становіцца ў такой веры нейкім “архітэктарам” або “праграмістам” чалавечых лёсаў. Адпаведна - чалавек ператвараецца ў робата, які нічога не вырашае. Псіхалагічна можна зразумець такую веру. Бо прасцей пераносіць боль, калі ведаеш, што працэс нехта кантралюе, што ёсць Бог, якому гэта патрэбна, які гэтага жадае. Але духоўна - гэта небяспечнае мысленне. Бо дастаткова ўзмацнення болю, каб асоба не толькі перастала верыць у сляпы лёс, але і ўзбунтавалася супраць свайго рукатворнага “бога-ката”, так і не спазнаўшы Жывога Пана.

Не менш драматычна выглядае сітуацыя, калі вернік імкнецца пакорліва прыняць зло як твор Бога. Такі чалавек лічыць, што Бог хоча зла. Навошта? Адказы бываюць самыя розныя. Напрыклад, што Бог чыніць зло, каб людзі Яго баяліся, каб іх правучыць. Імкнучыся растлумачыць патрэбу граху ці хваробы, хрысціянін можа паддацца спакусе своеасаблівага апраўдання зла, што яно добрае, карыснае, а нават патрэбнае. У выніку асоба пачынае ўспрымаць зло як дабро. І тут застаецца паўкрока, каб пачаць успрымаць дабро як зло.

У практыцы такая вера ў неабходнасць зла нараджае шэраг рэальных праблем. Першы плод – гэта адносіны да Бога як да “ката” і “кантралёра”. Такі вобраз Бога ператварае малітву ў пякельнае паседжанне суда, дзе “падсудны” вернік імкнецца даказаць “усявышняму трыбуналу” сваю невіноўнасць. У сакрамэнтальным жыцці такая асоба будзе баяцца прымаць Св. Камунію, баяцца споведзі. Паволі яна пачне шукаць любой нагоды, каб уцякчы ад “прыніжаючага” Пана.

Песімістычны вобраз чалавека нараджае песімістычнае бачанне Бога і свету. Адной крайнасцю становіцца панічны страх перад “бязлітасным” Богам. Другая крайнасць – гэта перакананне, што Бог бяссільны перад злом і грэшнасцю чалавека. І тады такая асоба пачынае шукаць нешта мацнейшае за свайго “бога”. Тут крыюцца крыніцы магіі, акультызму, узмацненне малітвы ёгай і г. д.

Існуе толькі адно лякарства на духоўны песімізм. Гэта пошук сапраўднага Бога. Глыбокі рэалізм у адносінах да сваіх уяўленняў патрабуе іх няспыннага тэсціравання меркай Вучэння Касцёла. Багацце дароў Святога Духа, канкрэтна выражаных у сакрамэнтах і літургіі, дае магчымасць можа зноў, ці ўпершыню, сустрэцца з Богам, які жадае быць не Суддзёй, але Любячым Айцом.








All the contents on this site are copyrighted ©.