2011-02-07 13:03:42

Новы пераклад Бібліі на іспанскую мову


RealAudioMP3 З 7 па 9 лютага ў Мадрыдзе праходзіць канферэнцыя на тэму “Святое Пісанне ў жыцці Касцёла” прымеркаваная да прэзентацыі афіцыйнай версіі новага перакладу Бібліі на іспанскую мову. Гэтае выданне Святога Пісання з’явілася ў снежні мінулага года па ініцыятыве канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Іспаніі і дзякуючы дзесяцігадовай працы біблістаў, літургістаў, біскупаў і экспертаў з Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

Перакладалі тэкст з яўрэйскай, арамейскай і грэцкай моваў 24 спецыялісты. Выданне ўключае філасофскія, літаратурныя, гістарычныя і тэалагічныя каментарыі, якія спрыяюць лепшаму разуменню Святога Пісання. Акрамя таго, выданне змяшчае на сваіх старонках пераклады з некаторых літургічных кніг, якія былі рэфармаваны пасля другога Ватыканскага Сабора.

Канферэнцыя, прысвечаная гэтаму новаму выданню Бібліі, мае тры асноўныя мэты: прадставіць міжнароднай грамадскасці і экспертам новае выданне, звярнуць увагу на важнасць Святога Пісання ў жыцці Касцёла, аб’яднаць вывучэнне Бібліі і пастырскую дзейнасць. Працай канферэнцыі кіруюць арцыбіскуп Мадрыду кардынал Антоніо Марыя Роко Валера і прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў кардынал Марк Уэлле.







All the contents on this site are copyrighted ©.