2011-02-04 18:25:30

Філіпіны: біскупы абвясцілі кампанію грамадзянскага непадпарадкавання


RealAudioMP3 Філіпінскія біскупы абвясцілі кампанію грамадзянскага непадпарадкавання супраць магчымага прыняцця закона аб рэпрадуктыўным здароўі. Ардынарый Соргасон, біскуп Артура Бастэс сказаў, што іерархі будуць пратэставаць супраць "гэтых амаральных дзеянняў", нават калі будуць вымушаны сесці ў турму разам са сваімі святарамі.

У той жа час біскупы Філіпін запэўнілі, што кампанія не накіравана на звяржэнне ўрада, але мае на мэце рашучы пратэст супраць праекту закона. Прыняць меры ў гэтым напрамку заклікаў вернікаў старшыня біскупскай канферэнцыі Філіпін біскуп Нэрэо Одчымар. У пастырскім лісце ён напісаў, што пакідае ім выбар формы пратэсту.

Праект закона аб рэпрадуктыўным здароўі будзе прадстаўлены ў лютым Палаце дэпутатаў для канчатковага зацвярджэння. Для таго, каб не абразіць пачуцці каталікоў, была зменена яго ранейшая назва на "Закон аб адказным бацькоўстве". Нягледзячы на намаганні Касцёла і заявы Прэзідэнта Беніньё Акіна, што зменіць найбольш спрэчныя палажэнні закона, у ім застаўся напрыклад дазвол на выкарыстанне раннеабартыўных сродкаў і не прапісана права на пратэст сумлення ўрачоў, якія адмаўляюцца рабіць аборты.

Па словах дзеячоў Асацыяцыі абаронцаў жыцця, кіраўнік дзяржавы падвяргаецца ціску з боку амерыканскага Агенцтва па міжнароднаму развіццю (USAID) і Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА), якія па некаторых звестках павінны былі даць больш за 900 мільёнаў долараў філіпінскаму ўраду, каб Прэзідэнт Акіна змяніў сваю пазіцыю па некаторых палажэннях закона.







All the contents on this site are copyrighted ©.