2011-02-04 12:08:58

Арцыбіскуп Токіо: Неокатэхуменат павінен часова прыпыніць дзейнасць


RealAudioMP3 “Неокатэхуменальны шлях павінен на "некаторы час" прыпыніць сваю дзейнасць у Японіі, каб ўсё абдумаць і падрыхтавацца да новага дыялогу з мясцовым Касцёлам”, - сказаў Мітрапаліт Токіо арцыбіскуп Петэр Такео Окада. У абвешчаным 2 лютага пасланні, ён адзначыў, што за апошнія дваццаць гадоў біскупы прысвяцілі шмат часу вырашэнню праблем, звязаных з прысутнасцю гэтага руху ў Японіі. Яго дзейнасць у гэтай краіне выклікала, на думку іерарха, падзелы, канфлікты і хаос ў мясцовым Касцёле.

Арцыбіскуп Окада ўдакладняе, што рашэнне, згодна з ранейшымі пастановамі, можа адносіцца толькі да яго дыяцэзіі. Іерарх рэкамендуе членам руху разгледзець такі спосаб евангелізацыі, які б быў больш адаптаваны да японскай сітуацыі. У першую чаргу гаворка ідзе пра адпаведную інкультурацыю. Прапануе Неокатэхуменату засяродзіць увагу на доглядзе за хворымі і інвалідамі.

13 снежня мінулага года ў Ватыкане на сустрэчы Папы з пяццю японскімі біскупамі і прадстаўнікамі Рымскай курыі, было вырашана, што іерархія павінна развіваць дыялог з Неокатэхуменатам, каб стыль руху больш адпавядаў указанням пастыраў дыяцэзій. Было таксама вырашана, што дыялог паміж епіскапатам і шляхам будзе праходзіць праз дэлегата, які “са зразуменнем ставіцца да руху і паважае праблемы біскупаў". Акрамя таго, кожны біскуп павінен быў пераказаць шляху парады, якім чынам дзейнічаць у яго дыяцэзіі.

Канфлікт Неокатэхуменату з епіскапатам Японіі цягнецца шмат гадоў. Біскупы выказваюць меркаванне, што стыль шляху не адпавядае мясцовай культуры і пастырскай праграме мясцовага Касцёла. Прадстаўнікі руху са свайго боку звяртаюць увагу на тое, што мясцовы Касцёл занадта акцэнтуе дыялог з іншымі культурамі і рэлігіямі і недастаткова займаецца пропаведдзю хрысціянства.







All the contents on this site are copyrighted ©.