2011-02-03 11:53:29

Бэнэдыкт XVI да пасла Аўстрыі: палітыкі баяцца прызнаць, што культура сфарміравалася з рэлігіі


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI прыняў сёння даверчыя граматы ў новага пасла Аўстрыі пры Апостальскай Сталіцы спадара Альфонса Клоса.

Падчас свайго звароту да новага дыпламатычнага прадстаўніка Аўстрыі Святы Айцец падкрэсліў, што у шматлікіх еўрапейскіх краінах адносіны паміж дзяржавай і рэлігіяй трапляюць у дзіўнае напружанне: з аднаго боку, палітычныя ўлады намагаюцца, каб рэлігія, разуметая імі толькі як прыватнае перажыванне, не мела магчымасці публічнага выражэння, з другога, існуе тэндэнцыя навязаць стандарты секулярнага грамадства таксама рэлігійным супольнасцям. “Здаецца, што яны хацелі б адаптаваць Евангелле да культуры, але баяцца прызнаць, што культура сфарміравалася з рэлігіі”. - сказаў Святы Айцец

“Будаўніцтва агульнага "еўрапейскага дома" можа быць паспяховым толькі тады, калі гэты кантынент будзе ўсведамляць свой хрысціянскі фундамент і значэнне Евангелля, а таксама тое, што хрысціянскі вобраз чалавека з'яўляецца ферментам будучыні еўрапейскай цывілізацыі”. - адзначыў Пантыфік.

У сваю чаргу новы пасол Аўстрыі пры Апостальскай Сталіцы заўважыў, што “у часы глабалізацыі нашы грамадствы сутыкаюцца з новымі выклікамі: Я згадваю - сказаў ён - самыя апошнія: цяперашні эканамічны і фінансавы крызіс, пытанні дэмаграфічнага развіцця, шырокія міграцыйныя працэсы, а таксама наступствы кліматычных зменаў з усім іх негатыўным ўздзеяннем на ўмовы жыцця будучых пакаленняў”.

“Нельга недаацэньваць, - сказаў Альфонс Клосс - што ў адпаведнасці з прынцыпамі, паводле якіх мы павінны нанава разгледзець гэтыя вялікія тэмы нашага часу і дзякуючы гэтаму стаць мацнейшымі, братэрства займае асабліва важнае месца – адносіны салідарнасці, якія робяць нас гатовымі дзяліцца з бліжнімі і быць адказнымі за іх. Салідарнасць з самымі слабымі ў грамадстве, узмацняе яго”. - сказаў пасол Аўстрыйскай Рэспублікі, звяртаючыся да Святога Айца.

Спадар Альфонс Клос нарадзіўся ў аўстрыйскім Грацы 19 верасня 1953 года. Ён жанаты і мае трох дзяцей.







All the contents on this site are copyrighted ©.