2011-02-02 14:25:51

Бэнэдыкт XVI: св. Тэрэза ад Езуса нагадвае аб чалавечых цнотах: ветлівасці, праўдзівасці, радасці, культуры


RealAudioMP3 Сёння падчас агульнай аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI распачаў новы цыкл разважанняў прысвечаны Доктарам Касцёла. Першае разважанне Пантыфік прысвяціў асобе св. Тэрэзы ад Езуса.

Святы Айцец пазнаёміў прысутных на аўдыенцыі з біяграфіяй святой, у якой адзначыў, што глыбокая вера Тэрэзы зарадзілася яўчэ ў дзяцінстве, у сямейным асяроддзі. Будучая святая, натхнённая кнігамі аб хрысціянскіх мучаніках, у 9-гадовым узросце спрабавала пакінуць бацькоўскі дом, каб памерці мучаніцкай смерцю і апынуцца ў небе

У 20-гадовым узросце Тэрэза ўступіла ў кармелітанскі кляштар з намерам прысвяціць сваё жыццё малітве. Затым, ужо ў сталым узросце адначасова з духоўным ростам, святая пачала развіваць ідэю рэформы закону кармелітаў. Першы рэфармаваны ёй кляштар, са згоды мясцовага біскупа быў заснаваны ў яе родным горадзе Авіле. Праз некаторы час, такія кляштары пачалі з’яўляцца ў многіх іншых гарадах Іспаніі. У 1580 г. Апостальскай Сталіцай было падцверджана стварэнне новай аўтаномнай правінцыі закону, распавёў Святы Айцец.

Праз два гады св. Тэрэза памерла са словамі “Нарэшце, зараз мы убачымся, мой жаніх”. У 1622 годзе яна была кананізавана папам Грыгорыем XV, а ў 1970 г. папа Павел VI абвесціў яе Доктарам Касцёла.

“Тэрэза ад Езуса не мела акадэмічнай фармацыі, але вельмі любіла самастойна знаёміцца з навучаннямі тэолагаў, пісьменнькаў і духоўных настаўнікаў. Як пісьменніца, яна заўсёды апісвала тое, што перажывала сама або тое, што бачыла ў вопыце іншых. Так яна заўсёды абапіралася на вопыт”. Пантыфік адзначыў, што св. Тэрэза мела асаблівыя адносіны са шматлікімі святымі. Асабліва блізкім ёй быў св. Ян ад Крыжа.

Тэрэза ад Езуса напісала шмат кніг, сярод якіх Папа адзначыў аўтабіяграфічную “Кнігу жыцця”, а таксама працу “Шлях да дасканаласці”, якая змяшчае духоўныя настаўленні для першых сясцёр, якія ўступілі ў рэфармаваны святой кляштар.

Самай вядомай містычнай кнігай св. Тэрэзы з’яўляецца “Унутраны замак”, напісаны ў 1577 г. У гэтай працы святая апісвае свой уласны духоўны шлях і, адначасова, кадыфікацыю магчымага дасягнення паўнаты і святасці хрысціянскага жыцця пад кіраўніцтвам Святога Духа. Тэрэза разважае аб замку з сям’ю пакоямі, як выяве ўнутранага свету чалавека.

Сваё натхненне Тэрэза чэрпала са Святога Пісання, і асабліва з Песні Песняў і яго сімвалічнага заканчэння, ў якім распавядаецца аб спатканні “двух сужонкаў”.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што вельмі цяжка ахапіць глыбокую духоўнасць св. Тэрэзы ў некалькіх словах і выдзеліў яе некаторыя асаблівыя рысы: “Перш-за усё, св. Тэрэза прапаноўвае евангельскія цноты як фундамент усяго хрысціянскага і чалавечага жыцця, асабліва каштоўнасць евангельскай беднасці; любові паміж людзьмі, як асновы супольнага і сацыяльнага жыцця; пакорнасці, як любові да праўды; тэалагічнай надзеі, якую апісвае як прагу жывой вады. Акрамя таго, нельга забывацца і аб чалавечых цнотах, такіх як ветлівасць, праўдзівасць, радасць, культура”.

Па-другое, па словах Пантыфіка, св. Тэрэза прапаноўвае нам прыклад глыбокай сувязі з вялікімі біблійнымі персанажамі і тымі, хто жыў Божым словам. Яна сама адчувала сугучча з нявестай з Песні Песняў і апосталам Паўлам, а таксама з Езусам пакутуючым і Езусам Эўхарыстычным.

Святая падкрэслівае важнасць малітвы. Для яе маліцца азначае “сустракацца з сябрам, таму што сустракаемся з тым, хто нас любіць”. Папа адзначыў, што навучанне св. Тэрэзы аб малітве “не з’яўляецца педагогікай, але сапраўднай містагогіяй: той хто чытае яе працы моліцца разам з ёй”.

Яшчэ адной тэмай блізкай св. Тэрэзе з’яўляецца важнасць чалавечнасці Хрыста. Для яе хрысціянскае жыццё, гэта персанальныя адносіны з Езусам, якія маюць сваю кульмінацыю ў яднанні з Хрыстом праз ласку, любоў і наследванне Яго.

Апошнім важным аспектам духоўнасці св.Тэрэзы ад Езуса, на які звярнуў увагу падчас сваёй катэхезы Бэнэдыкт XVI, гэта дасканаласць, якая з’яўляецца натхненнем для ўсяго хрысціянскага жыцця і адначасова яго галоўнай мэтай. "Святая мела вельмі ясную ідэю, аб “паўнаце” Хрыста, якую перажывае хрысціянін. У апошнім пакоі “унутранага замку”, аб якім пісала Тэрэза, яна апісвае гэтую паўнату, якая рэалізоўваецца ў знаходжанні Тройцы, ў яднанні з Хрыстом праз таямніцу яго чалавечнасці”.

На заканчэнне аўдыенцыі Папа прывітаў вернікаў і ўдзяліў усім сваё апостальскае благаслаўленне.







All the contents on this site are copyrighted ©.