2011-02-02 18:24:41

Бэнэдыкт XVI: жыццё кожнага чалавека нараджаецца з мудрасці Божага Слова


RealAudioMP3 Святы Айцец Бэнэдыкт XVI ўзначаліў сёння вечарам у Базыліцы св. Пятра ўрачыстыя Нешпары свята Ахвяравання Пана. На набажэнстве прысутнічалі прадстаўнікі шматлікіх Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.

Падчас сваёй гаміліі Папа прапанаваў для разважання тры кароткія думкі звязаныя са святам. “Па-першае, - сказаў Пантыфік - евангельская сцэна Ахвяравання Пана ў святыні змяшчае фундаментальны сімвал святла, святла, якое, пачынаючы ад Хрыста, свеціць Марыі і Юзэфу, Сімяону і Ганне, а праз іх усяму чалавецтву”.

Другі аспект сённяшняга евангельскага аповеду паводле Святога Айца прадстаўляе прароцтва дару Святога Духа. “Сімяон і Ганна, сузіраючы немаўля Хрыста, убачылі Яго смерць і Уваскрасенне для збаўлення ўсіх народаў і абвясцілі таямніцу аб усеагульным збаўленні”. Кансэкраванае жыццё заклікана даваць прароцкае сведчанне, звязанае з падвойнай мэтай: сузіраннем і актыўнасцю. Кансэкраваныя асобы на думку Пантыфіка пакліканы дэманстраваць прымат Бога, евангельскі запал, практыкаваны як форма жыцця, прапаведаванне сярод бедных і самых прыніжаных на зямлі.

Трэцяя думка, якой падзяліўся Бэнэдыкт XVI разважаючы сённяшняе Евангелле, паказвае мудрасць Сімяона і Ганны, мудрасць жыцця, цалкам прысвечанага пошуку аблічча Бога, Яго знакаў, Яго волі, жыцця, прысвечанага слуханню і абвяшчэнню Яго Слова. “Кансэкраванае жыццё ў свеце і Касцёле павінна мець бачныя прыкметы гэтага пошуку аблічча Пана, і шляхоў, якія вядуць да Яго”- сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI звярнуўся да прысутных са сваім заклікам: “Старанна слухайце Слова, таму што жыццё кожнага чалавека нараджаецца з мудрасці Божага Слова! Будзьце прапаведнікамі Слова, праз lectio divina, бо кансэкраванае жыццё "нараджаецца з Божага Слова і прыняцця Евангелля як нормы жыцця. Жыццё на шляху Хрыста, у чысціні, беднасці і паслухмянасці, з'яўляецца "спаўненнем" жывога Божага Слова”.

На заканчэнне сваёй гаміліі Папа звярнуў увагу на тое, што сённяшні свет, асабліва больш развітыя грамадствы, жыве ў сітуацыі, якая характэрызуецца радыкальным плюралізмам, прагрэсіўнай маргіналізацыяй рэлігіі ў грамадскай сферы і рэлятывізмам, які тычыцца асноўных каштоўнасцяў. На думку Пантыфіка, гэта патрабуе, каб наша хрысціянскае сведчанне было яркім і паслядоўным, а нашы адукацыйныя намаганні больш уважлівымі і шчодрымі.







All the contents on this site are copyrighted ©.