2011-02-01 14:28:02

Бэнэдыкт XVI: вялікая колькасць пакліканняў – прыкмета жыццяздольнасці Касцёла


RealAudioMP3 “Вялікая евангелізацыйная праца патрабуе ўсё большай колькасці людзей, якія вялікадушна адгукнуцца на заклік Бога і прысвецяць сваё жыццё справе Евангелля” - напісаў папа Бэнэдыкт XVI у звароце да ўдзельнікаў Другога Лацінаамерыканскага кангрэса пакліканняў. Ён праходзіць з 31 студзеня па 5 лютага ў Картаго у Коста-Рыцы.

Папа падкрэсліў, што "каштоўным плёнам яшчэ больш выразнай місіянерскай дзейнасці будзе, разам з адраджэннем хрысціянскага жыцця ў цэлым, рост пакліканняў да асаблівай кансэкрацыі. Багацце пакліканняў з'яўляецца пераканаўчым пацвярджэннем жыццяздольнасці Касцёла".

Па словах Святога Айца "Касцёл у сваёй глыбокай сутнасці мае вымярэнне паклікання", часткай якога з'яўляецца хрысціянскае жыццё.

Нагадваючы, што мэтай Кангрэсу з'яўляецца ўмацаванне душпастырства пакліканняў у Лацінскай Амерыцы, Бэнэдыкт XVI адзначыў, што яно павінна быць цалкам інтэграваным у агульнае душпастырства і прысутнічаць ва ўсіх яго канкрэтных праявах.

Вопыт вучыць нас, што недахопу ў пакліканнях няма там, дзе ёсць добра запланаваная і пастаянная практыка душпастырства пакліканняў – адзначыў Папа. Ён дадаў, што "Бог шчодры і такім жа ж шчодрым павінен быць удзел у душпастырстве пакліканняў ва ўсіх мясцовых Касцёлах".

Сярод удзельнікаў кангрэса пакліканняў 22 біскупы, адказныя ў кожнай з краін кантынента за душпастырства пакліканняў, і шэсць прадстаўнікоў біскупскай канферэнцыі Коста-Рыкі, якая прымае кангрэс.







All the contents on this site are copyrighted ©.