2011-02-01 15:01:44

"Homo caritatis". Годнасць чалавека


У міналай праграме мы пачалі размову аб Кампендыўме сацыяльнага навучання Касцёла, дакуменце ў якім апісаны прынцыпы, крытэрыі, тэмы якімі займаецца сацыяльнае навучанне. Мы паразмаўлялі аб гісторыі стварэння гэтага дакумента. У сённяшняй праграме мы пачнем размову аб першым і галоўным прынцыпе, на якім грунтуецца каталіцкае сацыяльнае навучанне – гэта прынцып годнасці чалавека.

Касцёл бачыць у чалавеку вобраз Бога. На працягу ўсяго свайго існавання ён скіроўвае да чалавека сваё служэнне, нагадвае чалавеку аб гэтым яго пакліканні, заклікае іншых убачыць у блізкім і далёкім, знаёмым і незнаёмым, і, перш за ўсё, бедным і пакутуючым брата, “за якога памёр Хрыстус”.

Мы памятаем са старонак кнігі Быцця, што Бог стварыў чалавека “на сваё падабенства”. Гэта галоўная навіна Святога Пісання. Ствараючы яго, Бог паставіў чалавека на вяршыню тварэння. Чалавек, створаны на падабенства Бога, валодае годнасцю сваёй асобы: ён не толькі нешта, але і нехта. Чалавек з’яўляецца асобай, здольнай пазнаваць сябе, валодаць сабой, свабодна прыносіць сябе ў дар і ўступаць у адносіны з іншымі людзьмі. Нарэшце, чалавек пакліканы да саюзу са сваім Створцам.

Сувязь паміж чалавекам і Створцам вельмі глыбокая. На працягу ўсяго свайго жыцця чалавек задаецца пытаннямі аб Богу, шукае Яго, часам нават не ведаючы аб гэтым.

Сувязь паміж Богам і чалавекам выражаецца ў сацыяльных адносінах. Чалавек па сваёй прыродзе стварэнне сацыяльнае. Аб гэтым казалі і старажытныя мудрацы, гэта падкрэслівае і Біблія: “мужчынай і жанцынай стварыў іх”. Ад самага пачатку чалавек не мог жыць толькі сярод расліннага свету, нават у цудоўным Эдэмскім садзе. Патрэба ў міжасабовых адносінах закладзена ў саму яго прыроду. У іншай чалавечай асобе адлюстроўваецца сам Бог.

У выніку першароднага граху натура чалавека была паранена, што ўнесла асабістыя і грамадскія падзелы, якія ў рознай ступені прыніжаюць каштоўнасць і годнасць чалавечай асобы.

Разрыў з Богам, гэта адначасова разрыў сяброўскай сувязі, якая аб’ядноўвае чалавечую сям’ю. Узгадайце, што пасля першароднага граху мужчына і жанчына ледзь не пальцам паказываюць адзін на аднаго, потым брат забівае брата, потым адбываецца падзел чалавечай сям’і ў Бабілоне і нарэшце сёння гэтыя падзелы выступаюць у самых радыкальных формах.

На грэх можна глядзець з розных аспектаў. Без сумневу, грэх гэта заўсёды дзеянне якое належыць да канкрэтнай асобы, праява свабоды аднаго чалавека, а не групы. Але грэх можа мець і “сацыяльны характар”, г.зн., у выніку салідарнасці грэх адбіваецца на іншых людзях, прыніжае ўвесь Касцёл і нават увесь свет.

Так званымі “сацыяльнымі грахамі” могуць быць тыя, якія прадстаўляюць прамую агрэсію супраць бліжняга. Грэх можа быць здзейснены супраць справядлівасці ў адносінах паміж асобамі, паміж асобай і групай, або паміж групай і асобай. Такімі могуць быць грахі супраць правоў чалавека, на прыклад права на жыццё, супраць свабоды чалавека, перш за ўсё свабоды верыць у Бога і аддаваць Яму пашану. Гэта можа быць грэх супраць годнасці і гонару іншага чалавека. Нарэшце, гэта можа быць грэх, які датычыць адносінаў паміж рознымі супольнасцямі людзей.

Наступствамі граху становяцца цэлыя грахоўныя структуры, якія нараджаюць іншыя грахі і абумоўліваюць паводзіны чалавека. Гэтымі структурамі могуць быць самыя розныя працэсы і ўмовы, якія перашкаджаюць поўнаму развіццю чалавека, ці нават народаў. Часцей за ўсё з’яўленне стуктураў граху выклікана прагай грошай, багацця або ўлады.

Сацыяльнае навучанне Каталіцкага Касцёла звяртае ўвагу на такія грахі, указвае на іх, заклікае да шанавання годнасці чалавека, праз стварэнне абдпаведных умоў для яго развіцця і збаўлення. Чалавецтву самому вельмі цяжка ўбачыць гэтыя структуры граху, таму сацыяльнае навучанне Касцёла дае надзею, што ў супрацоўніцтве з Хрыстом мы зможам адкрыць праўду аб граху і перамагчы яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.