2011-01-29 14:10:12

Касцёл на Кубе заклікае не баяцца багацця


RealAudioMP3 “Давайце не баяцца багацця!” – такі заклік з'явіўся на старонках „Palabra Nueva”, выдання Гаванскай архідыяцэзіі на Кубе. Газета сцвярджае, што трэба пагадзіцца са з'яўленнем прыватнай уласнасці, што дазволяць рэформы, абвешчаныя кубінскім урадам. Яны ўступяць у сілу ўвесну гэтага года і ўключаюць у сябе магчымасць адкрываць прыватныя прадпрыемствы.

На Кубе існуе сістэма, якая ў 95 працэнтах заснавана на дзяржаўнай маёмасці.

“З'яўленне багатых людзей можа стаць складанай этычнай праблемай, аднак, шырока распаўсюджаная беднасць з'яўляецца не менш сур'ёзным выклікам і нават пагрозай для нашага грамадства”, - гаворыцца ў касцёльным выданні.

У артыкуле звяртаецца ўвага на тое, што супрацьстаянне багатаму чалавеку толькі таму, што ён багаты, асабліва, калі "не ведаем, як ён стаў багатым, або, што ён робіць з гэтым багаццем”, могуць паходзіць, між іншым, з "памылковых ідэалагічных перакананняў або проста з заздрасці".

Выданне „Palabra Nueva” тлумачыць, што зло не ў багацці або беднасці, але ў тым, "якім чынам яны перажываюцца чалавекам".







All the contents on this site are copyrighted ©.