2011-01-29 15:13:44

Бэнэдыкт XVI: Хрыстус “заваяваў” наша жыццё, не знішчаючы нашых асабістых рысаў


RealAudioMP3 29 студзеня 2011 г. у Ватыкане Святы Айцец спаткаўся з прадстаўнікамі супольнасці Папскага эфіопскага калегіўма. Гэта спатканне адбылося з нагоды 150-годдзя з дня смерці св. Юстына Дэ Якобіса, місіянера, Апостальскага вікарыя ў Эфіопіі.

У сваім звароце да супольнасці калегіўма Папа прыгадаў аб значэнні місіянерскай дзейнасці св. Юстына. “Годны сын св. Вінцэнта дэ Поля, св. Юстын бачыў сваё пакліканне “рабіць усё для ўсіх” у служэнні эфіопскаму народу. Св. Юстын пачаў сваю дзейнасць з фармацыі эфіопскіх святароў, заснаваўшы духоўную семінарыю. Вывучыўшы мясцовую мову і клапоцячыся аб захаванні і развіцці мясцовай літургічнай традыцыі, ён прычыніўся таксама да экуменічнай працы”, - адзначыў Пантыфік.

Папа дадаў: “За сваю адукацыйную працу, асабліва ў справе фармацыі святароў, св. Юстын можа быць справядліва прызнаны апекуном вашага калегіўма, у якім святары і кандыдаты да святарства праходзяць тэалагічную, духоўную і пастырскую падрыхтоўку”.

Св. Юстын быў кананізаваны Слугой Божым папам Паўлам VI 26 кастрычніка 1975 г. “Вы таксама пакліканы да святасці! Хрыстус працягвае сваю прысутнасць у свеце праз тых, хто як св. Юстын адкрываюцца на дзейнасць Святога Духа... Хрыстус, вечны Святар Новага Запавету, спецыяльным пакліканнем да святарскага служэння “заваяваў” нашае жыццё, не знішчаючы нашых асабістых рысаў, але ўзвышаючы іх, робячы іх больш шляхетнымі. Хрыстус заклікае нас працягваць Яго служэнне”, - сказаў Бэнэдыкт XVI у сваім завроце да прадстаўнікоў Эфіопскага калегіўма.







All the contents on this site are copyrighted ©.