2011-01-28 14:33:35

Бэнэдыкт XVI: усе хрысціяне павінны супрацоўнічаць дзеля міру і справядлівасці


RealAudioMP3 Сёння 28 студзеня адбылася сустрэча Папы Бэнэдыкт XVI і членаў Міжнароднай змешанай камісіі па справах тэалагічнага дыялога паміж Каталіцкім Касцёлам і Ўсходнімі Артадаксальнымі Цэрквамі. Гэтыя Цэрквы прадстаўляюць копцкая, сірыйская, армянская і сіра-малабарская.

Як адзначыў Папа, плёнам першай фазы гэтага дыялога ў 2003–2009 гг. стаў супольны дакумент «Прырода, канстытуцыя і місія Касцёла». Таксама Пантыфік указаў на пытанні, якія патрабуюць больш глыбокага вывучэння на сённяшняй стадыі дыялога. Па словах Святога Айца, нягледзячы на 1500 гадоў раздзялення, мы згаджаемся ў бачанні сакрамэнтальнай прыроды Касцёла, наследаванні апосталаў у святарскім служэнні і неабходнасці сведчання Евангелля ў сённяшнім свеце.

Падчас сустрэчы ў Рыме гаворка ішла таксама аб камуніі і сувязі, якія існавалі паміж Цэрквамі да сярэдзіны V ст. і аб ролі манаства ў жыцці Касцёла першых стагоддзяў.

«Мы павінны верыць, што вашы тэалагічныя разважанні прывядуць нашы Цэрквы не толькі да глыбейшага ўзаемаразумення, але і паспрыяюць больш рашучаму працягу нашага шляху да поўнай еднасці, да якой мы пакліканы воляй Хрыста. У гэтай інтэнцыі мы маліліся падчас Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў», — падкрэсліў Папа. Таксама Пантыфік дадаў, што многія з яго гасцей паходзяць з рэгіёнаў, дзе хрысціяне стаяць перад абліччам выпрабаванняў і цяжкасцяў. Гэтыя цяжкасці прычыняюць глыбокі непакой усім вызнаўцам Хрыста. «Усе хрысціяне павінны супрацоўнічаць ва ўзаемным даверы, каб служыць справе міру і справядлівасці», — адзначыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.