2011-01-27 12:52:59

Гуляка незадаволены ўстаноўкай у Беларусі помнікаў Яну Паўлу II


RealAudioMP3 Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка ў сваім выступленні на пасяджэнні калегіі апарата ўпаўнаважанага, якое адбылося 26 студзеня ў Мінску, звярнуў увагу на парушэнні заканадаўства з боку трох вядучых канфесій Беларусі, паведамляе БелаПАН.

Па словах Упаўнаважанага, захоўваецца праблема самавольнага будаўніцтва культавых будынкаў арганізацыямі Праваслаўнай Царквы без афармлення праектна-каштарыснай дакументацыі і без афіцыйнага адводу зямлі. "Няхай гэта і адзінкавыя выпадкі, аднак яны ёсць", - сказаў Гуляка. Актуальнай для Праваслаўнай Царквы застаецца праблема даўгастроя.

Па словах Гулякі, у працы з пратэстанцкімі рэлігійнымі арганізацыямі мясцовыя ўлады павінны звяртаць увагу на папярэджанне парушэнняў заканадаўства аб няўдзеле рэлігійных арганізацый у палітычнай дзейнасці і аб выкарыстанні адрасоў жылых памяшканняў для рэгістрацыі рэлігійных структур.

"Пры росце увагі дзяржавы да праблем развіцця Рымска-каталіцкага Касцёла, паводле Гулякі, працягваюць мець месца факты парушэння заканадаўства з боку некаторых беларускіх і запрошаных з Польшчы святароў, якія не лічацца з патрабаваннямі нашага заканадаўства аб няўдзеле рэлігійных арганізацый у палітычнай дзейнасці", - сказаў ён.

Вось чаму, паводле слоў чыноўніка, мясцовым органам улады "варта ўзмацніць працу" са святарамі і кіраўнікамі рымска-каталіцкіх дыяцэзій "па прадухіленні парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь".

Упаўнаважаны выказаў сваю незадаволенасць устаноўкай у Беларусі помнікаў папу Яну Паўлу II. Прычым мясцовыя ўлады, сказаў Упаўнаважаны, "робяць выгляд, што гэта не іх пытанні", а начальнікі аддзелаў па справах рэлігій і нацыянальнасцяў аблвыканкамаў "наогул самаўхіліліся" ад гэтай праблемы, сказаў Гуляка.

Нагадаем, што 1 мая гэтага года ў Рыме адбудзецца беатыфікацыя папы Яна Паўла II, якую здзейсніць Бэнэдыкт XVI. Папа-паляк шануецца ў Беларусі не толькі католікамі, але і праваслаўнымі, пратэстантамі, людзьмі, якія не адносяць сябе да рэлігіі, як падзвіжнік міру і чалавекалюбства на зямлі. Сваю павагу да Яна Паўлу II вернікі Беларусі часта выказваюць ва ўсталяванні каля храмаў помнікаў Вялікага Папы. Пасля смерці Пантыфіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Ян Павел II з’яўляўся сябрам беларускага народа.







All the contents on this site are copyrighted ©.