2011-01-26 14:58:48

Патрыярх Кірыл падзякаваў арцыбіскупу Менніні за паляпшэнне праваслаўна-каталіцкіх адносін


RealAudioMP3 Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл выказаў падзяку былому Апостальскаму нунцыю ў Расійскай Федэрацыі арцыбіскупу Антоніо Менніні, які завяршае сваё знаходжанне ў Расіі, за вялікую дапамогу ў наладжванні стасункаў паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам.

"Я хацеў бы падзякаваць Вам за працу ў якасці прадстаўніка Апостальскай Сталіцы ў Маскве і адзначыць Ваш асабісты ўклад у вырашэнне няпростых праблем у адносінах паміж нашымі Цэрквамі. З ласкі Божай гэтыя праблемы вырашаюцца станоўча, што змяняе клімат двухбаковых адносін да лепшага. Гэта шмат у чым Ваша заслуга як паўнамоцнага прадстаўніка Святога Пасаду ", - сказаў Патрыярх на сустрэчы з нунцыем 26 студзеня ў Маскве.

Са свайго боку арцыбіскуп Менніні падзякаваў Патрыярху за дапамогу ў працы. "Я быў рады працаваць на карысць нашых Цэркваў, але гэтая праца была б нашмат цяжэйшай без Вашай падтрымкі, сяброўскіх адносін і хрысціянскай любові", - сказаў нунцый.

У мінулым месяцы папа Бэнэдыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Менніні Апостальскім нунцыем у Вялікабрытаніі. На пасаду дыпламатычнага прадстаўніка Папы ў Расіі монсіньёр
Менніні быў прызначаны ў лістападзе 2002 года. Менавіта ў яго бытнасць удалося заключыць поўнамаштабныя дыпламатычныя адносіны паміж Расіяй і Апостальскай Сталіцай.







All the contents on this site are copyrighted ©.