Бэнэдыкт ХVI заклікае да аднаўлення місійнерскага духу ў Касцёле
У апублікаваным 25
студзеня пасланні на Сусветны дзень місіі папа Бэнэдыкт ХVI нагадвае аб тым, што “Евангелле
павінна абвяшчацца ўсім народамі і кожнаму чалавеку”. Святы Айцец піша аб галоўнай
мэце Касцёла, якой з’яўляецца навяртанне ўсіх людзей да веры ў Хрыста. “Евангелле
з’яўляецца найбольш каштоўнай паслугай, якую Касцёл можа прапанаваць чалавецтву і
кожнай асобе”, - гаворыцца ў пасланні.
У год беатыфікацыі Яна Паўла ІІ Бэнэдыкт
ХVI спасылаецца да навучання свайго папярэдніка. Нагадвае, у прыватнгасці, аб закліку
Яна Паўла ІІ з нагоды Вялікага юбілею 2000 года да адраджэння місіянерскай дзейнасці.
Папа паляк, - узгадвае Бэнэдыкт ХVI,- казаў, што Касцёл мае патрэбу таго ж місіянерскага
энтузіязму, якім адзначаліся першыя хрысціяне.
Святы Айцец нагадвае таксама
аб ацэнцы місіі Касцёла, якую зрабіў яго папярэднік у энцыкліцы “Redemptoris missio”.
Слуга Божы Ян Павел ІІ пісаў, што місія Касцёла ўсё яшчэ знаходзіцца ў зачаткавым
стане, калі мы паглядзём на яе з агульнасусветнай перспектывы. Бэнэдыкт ХVI выказаў
упэўненасць у тым, што евангелізацыя, калі Касцёл сапраўды актыўна ўключыцца ў яе,
прывядзе да яго аднаўлення, таму што вера ўмацоўваецца тады, калі пераказваецца іншым.
Пантыфік адзначыў, што цэнтрам місіянерскага адраджэння павінна быць літургія.
Яна збірае людзей са свету, каб іх ізноў паслаць у свет. Менавіта ў літургіі мы спазнаём
вопыт таго, чым мы дзелімся з іншымі: спазнаём збаўчую сілу Божага Слова і Пасхальную
Таямніцу Хрыста, - чытаем у пасланні.
Папа адзначае, што неад’емнай часткай
евангелізацыі павінна быць салідарнасць. Таму заклікае, каб з нагоды Сусветнага дня
місій была праяўлена канкрэтная падтрымка Касцёлам у місійных краінах.
Сусветны
дзень місій або місійная нядзеля, адзначаецца ў перадапошнюю нядзелю кастрычніка,
у гэтым годзе 23 кастрычніка.