"Homo caritatis". Кампендыум сацыяльнага навучання Каталіцкага Касцёла
Паважаныя радыёслухачы, мы працягваем размаўляць аб сацыяльным навучанні Каталіцкага
Касцёла. У мінулых праграмах мы размаўлялі аб гістарычных дакументах, а менавіта энцыкліках
Рымскіх Пантыфікаў. З гэтых энцыклікаў, якія абапіраліся на Евангелле, навучанне Айцоў
Касцёла і навуковыя дадзеныя, на працягу ХХ стагоддзя сфарміравалася сацыяльнае навучанне
Касцёла. Яно развілася ў асобную навуковую галіну, якая мае свае прынцыпы, крытэрыі
і накірункі. Сацыяльнае навучанне трасфарміравалася ў залежнасці ад гістарычных абставінаў
і многія яго аспекты згубілі сваю актуальнасць. З цягам часу ўзнікла патрэба стварыць
асобны дакумент, у якім у сінтэтычнай форме апісваліся б асноўныя прынцыпы і крытэрыі
каталіцкага сацыяльнага навучання. Такі дакумент быў неабходны для таго, каб указаць
католікам, хрысціянам і ўсім людзям добрай волі накірунак для дзейнасці. Да дзейнасці,
звязанай з будаваннем цывілізацыі любові, умацаваннем агульнага дабра чалавека і грамадства.
Такі дакумент з’явіўся ў 2004 годзе і атрымаў назву “Кампендыўм сацыяльнага навучання
Касцёла”. Аб ім мы пачнем размаўляць у сённяшняй праграме.
Праца над стварэннем
кампедыума пачалася ў 1999 годзе па асабістай просьбе Святога Айца Яна Паўла ІІ, а
падрыхтоўку гэтага дакумента ажыццяўляла Папская рада “Iustitia et Pax” (Справядлівасць
і мір). Праца аказалася вельмі нялёгкай па шэрагу прычынаў: па-першае, гаворка ішла
аб стварэнні дакумента, якога не існавала ніколі раней у гісторыі Касцёла; па-другое,
з-за неабходнасці падрабязнага аналізу вельмі складаных пытанняў, уласцівых сацыяльнаму
навучанню Касцёла; па-трэццяе, з-за неабходнасці надаць дакументу ўнітарны і ўніверсальны
характар, які мог бы ахапіць усю шматграннасць грамадства і свету. І нарэшце, яшчэ
адной цяжкасцю была неабходнасць стварэння дакумента які б не губляў сваёй актуальнасці
ў часе, што асабліва цяжка ў нашу гістарычную эпоху, якая характэрызуецца вельмі хуткімі
сацыяльнымі, эканамічнымі і палітычнымі пераменамі.
Негледзячы на гэтыя складанасці
“Кампендыўм сацыяльнага навучання Касцёла” убачыў свет у 2004 годзе. Па сваёй структуры
ён вельмі просты. Пасля ўводзінаў, ідуць тры часткі. Першая разглядае фундамент сацыяльнага
навучання Касцёла – любоў Бога да чалавека і да грамадства, місію Касцёла і прыроду
сацыяльнага навучання, чалавека і ягоныя фундаментальныя правы і кашноўнасці, на якіх
грунуецца сацыяльнае навучанне. Другая частка прысвечана класічным тэмам сацыяльнага
навучання – сям’і, працы, эканоміцы, палітыцы, міжнародным адносінам, экалогіі і супакою.
Трэцяя частка, самая кароткая, утрымлівае ў сабе настаўленні па выкарыстанні навучання
ў пастырскай дзейнасці і жыцці хрысціянаў, перш за ўсё свецкіх. Заключэнне, якое называецца
“Дзеля цывілізацыі любові”, з’яўляецца падсумаваннем усяго дакументу і адлюстроўвае
яго мэту.
Мэта стварэння кампендыўма заключаецца ў тым, каб “прапанаваць інструмент
для разумення складаных з’яваў, якія характарызуюць наш час”, стаць настаўленнем для
паводзінаў і выбараў асобнага чалавека і грамадстваў. Дакумент павінен дазволіць глядзець
у будучыню з надзеяй і даверам, павінен сбыць падручнікам для вернікаў па маральнасці
ў сацыяльнай сферы.
Трэба адзначыць, што, хоць кампендыўм і звяртаецца ў першую
чаргу да католікаў, але таксама з’яўляецца прапановай да экуменічнага і межрылігійнага
дыялогу паміж католікамі і ўсімі хто шукае дабра чалавецтва. Святло Евангелля, якое
з’яўляецца асновай сацыяльнага навучання Касцёла, распасціраецца на ўсіх людзей: кожнае
сумленне і кожны розум з’яўляюцца здольнымі ўспрыняць глыбіню значэння і каштоўнасцяў
прапанаваных у сацыяльным навучанні Касцёла, як адзначаецца ў кампендыўме. Выклікі
сучаснай цывілізацыі датычаць усіх людзей, незалежна ад іх веры.
Адным з такіх
выклікаў з’яўляюцца культурныя перамены, якія датычаць адмовы ад Евангелля і веры
на карысць чалавечага розуму. Каб адказаць на гэты выклік, трэба разумець, што сацыяльнае
навучанне Касцёла, мае міждысцыплінарнае вымярэнне. Праўда Евангелля павінна сустрэцца
з ведамі распрацаванымі чалавекам, таму што вера не супрацьстаіць розуму. Наадварот,
яна асвятляе розум. Калі гаворка ідзе аб сацыяльным, палітычным і эканамічным будаўніцтве,
сацыяльнае навучанне Касцёла выконвае важнае заданне. А менавіта, ставіць у цэнтр
гэтай дзейнасці чалавека ва ўсіх яго вымярэннях і патрэбах. Гістрачным прыкладам такога
супрацоўніцтва паміж верай і розумам з’ўляюцца хрысціянскія карані ідэалаў свабоды,
дэмакратыі, братэрства і салідарнасці.
Годнасць чалавека, супольнае дабро,
салідарнасць і ўдзел чалавека ў грамадскай дзейнасці з’яўляюцца асноўнымі прынцыпамі,
на якіх грунтуецца сацыяльнае навучанне Касцёла. Іх значэнне тлумачыць менавіта выданы
ў 2004 г. кампендыўм. Аб гэтых прынцыпах мы і паразмаўляем з вамі ў наступных праграмах.
Пахвалёны Езус Хрыстус!