2011-01-24 17:49:55

"У пошуках хрысціянскай ідэнтычнасці" Cтаўленне да літургіі.


Паважаныя слухачы, мы працягваем нашыя разважанні аб ідэнтычнасці сучаснага католіка.

У рэлігійна-маральным калейдаскопе глабальнага свету, многім хрысціянам прыходзіцца прыкласці вялікія намаганні, каб не толькі бараніць, але будаваць і ўмацоўваць сваю тоеснасць.

У мінулай перадачы мы пачалі разважаць аб фарміруючай ролі літургіі, якая становіцца своеасаблівым паказчыкам каталіцкасці ў супольнасці Касцёла. Найвыразнейшым прыкладам таго ж адзінства ў разнароднасці можа быць разнастайнасць моваў і літургічных абрадаў Касцёла, якія яднаюцца ў аднадушшы веры, выражаюць рэальнае дзеянне Духа Пяцідзесятніцы. Ідучы праз гісторыю, каталіцкая супольнасць не перастае адкрываць велізарны патэнцыял літургічнай спадчыны, якая раскрывае новыя і шматлікія магчымасці выразу сакрамэнтальных адносін паміж Богам і чалавекам.
З аднаго боку, літургія дазваляе нейкім чынам фізічна перажыць і сімвалічна выразіць містычнасць і неспазнанасць звышнатуральнага дзеяння Бога ў асяроддзі зямнога жыцця чалавека. Матэрыяльна гэта ўдаецца выразіць толькі ў глыбокай сімволіцы абраду, жэстаў, літургічнага аздаблення і геніяльна падабраных знакаў і прыладаў. Няўлоўную для фізічнай акрэсленасці рэчаіснасць духа здольная адмыслова выразіць толькі мова сімвалаў. Таму яе разуменне – гэта ключ да глыбокага перажыванння містэрыі звышнатуральных адносін паміж Богам і чалавекам, што і адбываецца на кожным літургічным спатканні Касцёла.

З другога боку літургія становіцца для католіка школай сакрамэнтальнага жыцця. Яна раскрывае багацце сакрамэнтальнага дзеяння Бога, дзе праз бачныя знакі выражаецца Яго нябачнае дзеянне. Пры гэтым варта заўважыць, што літургія і сакрамэнты не толькі бароняць католіка ад пагрозаў скажэння веры, але паказваюць, як іх пазбегнуць. У нашых разважаннях звернем увагу толькі на дзве найбольш выразныя пагрозы каталіцкай ідэнтычнасці, звязаныя з сакрамэнамі. Першая – гэта перабольшванне ролі чалавека ў адносінах з Богам. Другая – гэта недаацэнка чалавечага фактара. Іншымі словамі, гэта праблема адпаведнага ўзаемадзеяння паміж чалавечай натурай і Божай ласкай. І здаецца, менавіта літургія і сакрамэнты дазваляюць раскрыць гэтыя памылкі і дапамагчы іх пазбегнуць.

Ужо ў першыя вякі хрысціянства праблема ролі Бога ў справе Збаўлення чалавека выйшла на пярэдні план у даследаваннях тэологаў. Не толькі багаслоўская тэорыя, але і практыка хрысціянскага жыцця паставіла пытанне аб тым, наколькі чалавек можа спадзявацца толькі на Божую ласку, а ў якой ступені толькі на самога сябе? Многія хрысціяне губляюцца ў канкрэтызацыі адказу на гэтае пытанне. Аднак найлепшым адказам, можа нават несвядомым, з’яўляецца іх стаўленне да літургіі.
Для больш яскравага разумення справы, паспрабуем толькі акрэсліць, як мы ўжо ўзгадвалі вышэй, дзве найбольш крайнія і памылковыя пазіцыі ў стаўленні хрысціяніна да ролі Бога ў яго жыцці.

Адна крайнасць - гэта занадта песімістычнае бачанне чалавечай натуры. Гэта меркаванне, паводле якога чалавек настолькі сапсаваны, што яму трэба адкінуць усе, нават найменшыя, спробы супраўцоўніцтва з Богам у справе выратавання ад граху. Гэта пазіцыя поўнай і выключнай надзеі толькі на актыўнасць Божай ласкі пры поўнай пасіўнасці і капітуляцыі чалавека.

Другая ж крайняя пазіцыя – гэта занадта аптымістычнае бачанне чалавечай натуры. Паводле гэтага перакання чалавек мае настолькі магутны натуральны патэнцыял, што ён сам можа дарасці да стану нейкай вышэйшай свядомасці і дасканаласці, да ўзроўню, на якім урэшце Бог пачне з ім уваходзіць у кантакт.

У наступнай перадачы разгледзім, як гэтыя рэлігійныя паставы перакладаюцца на знешнія паводзіны чалавека, што знаходзіць асаблівы выраз у стаўленні хрысціяніна да сакрамэнтаў і літургіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.