2011-01-24 15:15:40

Бэнэдыкт XVI: камунікацыя павінна быць адкрытай, годнай, адказнай і паважлівай да іншага чалавека


RealAudioMP3 Сёння, 24 студзеня, у дзень успаміну св. Францішка Сальскага, які з’ўляецца апекуном журналістаў, з’явілася спецыяльнае пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень масавай камунікацыі.

У сваім пасланні Папа адзначыў, што дзякуючы трасфармацыі сродкаў масавай камунікацыі, якая адбываецца ў апошнія часы, змяняецца таксама спосаб мышлення чалавека, магчымасці ўстанаўліваць адносіны і будаваць адзінства.

Падкрэсліваючы пазітыўныя тэндэнцыі, якія нараджаюцца ў гэтай сферы, Пантыфік нагадаў, “што мудрае выкарысанне такіх сродкаў камунікацыі як інтэрнэт, спрыяе задавальненню прагі сэнсу, праўды, адзінства, якія з’яўляюцца найглыбейшымі імкненнямі чалавека”.

Кажучы аб сацыяльных сетках, Бэнэдыкт XVI адзначыў, што яны спрыяюць усталяванню міжперсанальных адносінаў, але таксама патрабуюць карэктнасці дзеяў і сапраўднасці ўласнай асобы.

Такім чынам новыя тэхналогіі даюць людзям вялікія магчымасці сустрэчы, пераўзыходзячы ўсялякія межы ў прасторы і культуры. Сучасныя тэхналогіі даюць чалавеку магчымасць абмену інфармацыяй, бачаннем свету, надзеямі і ідэаламі. Таму Святы Айцец у сваім звароце прысвечаным Сусветнаму дню масавай камунікацыі, кажа аб неабходнасці “хрысціянскага стылю” нават у лічбавым свеце. Гэты стыль патрабуе “камунікацыі адкрытай і годнай, адказнай і паважлівай да іншага чалавека”. У гэтым сэнсе распаўсюджваць Евангелле не азначае толькі напаўняць рэлігійным зместам розныя інфармацыйныя платформы, але таксама сведчыць у лічбавым свеце аб сваіх жаданнях, перавагах, меркаваннях, якія глыбока ўкаранённыя ў Евангелле, нават калі аб ім не гаворыцца адкрыта. У свеце інфармацыі не можа быць прапаведвання без годнага сведчання таго, хто гэта робіць.

Бэнэдыкт XVI запрашае хрысціян “аб’яднацца з даверам і са свядомай і адказнай крэатыўнасцю ў сетцы адносінаў, якія лічбавая эра робіць магчымымі”. У гэтым кантэсце абвяшчэнне Евангелля патрабуе асаблівай формы камунікацыі, формы якая нагадвае стыль Езуса Уваскрослага, які становіцца спадарожнікам вучняў якія шлі ў Эмаўс”.

У пасланні Святога Айца прысутнічае абноўленае акрэсленне камунікацыі. Яна разглядаецца перш за ўсё як дыялог, абмен, салідарнаць і стварэнне пазітыўных адносінаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.