Універсітэт Барселоны
"на нявызначаны тэрмін" застаўся без св. Імшы. Кіраўніцтва універсітэта вырашыла закрыць
капліцу пры факультэце эканомікі і камерцыі, нягледзячы на шматлікія пратэсты вернікаў,
студэнтаў і выкладчыкаў, паведамляе HazteOir.org.
Прычынай закрыцця капліцы
кіраўніцтва ўніверсітэта назвала адсутнасць бяспекі. У 2009 г. падобны аргумент выкарыстаў
урад Іспаніі, закрываючы базыліку Святога Крыжа ў Даліне загінуўшых. Базыліцы патрабавалася
невялікая рэстаўрацыя.
Аднак капліца Барселонскага універсітэта знаходзіцца
ў добрым тэхнічным стане, а адсутнасць бяспекі ва ўніверсітэце звязваюць з пагрозамі
і абразамі ў адрас вернікаў, студэнтаў і выкладчыкаў, якія ў апошнія некалькі месяцаў
пастаянна з'яўляюцца ў інтэрнэце, а таксама ў выглядзе надпісаў на сценах. У лістападзе
мінулага года так званыя "прагрэсіўныя" студэнты ўніверсітэта захапілі капліцу і некаторы
час перашкаджалі правядзенню св. Імшы.
Інцыдэнт з закрыццём капліцы пацвярджае
намер сацыялістычных уладаў знішчыць любы "публічны выраз каталіцкай веры як канфліктны
і непажаданы". Сёння ў Іспаніі лепшы спосаб вырашыць праблемы, звязаныя з публічным
выразам веры, - папросту выгнаць яе з канфліктных месцаў.
У мінулым надзвычай
рэлігійная Іспанія пры ўрадзе Сапатэры стала адной з найбольш "вальнадумных" еўрапейскіх
краін. Сучасная Іспанія ўсё больш адыходзіць ад хрысціянскіх каштоўнасцяў. Так, у
пачатку гэтага года, нягледзячы на шматлікія пратэсты, былі ўзаконены аборты. У 2005
г. урад Сапатэры прыняў закон, які дазваляе гомасэксуальныя саюзы.