2011-01-19 13:28:55

Кардынал Нікора прызначаны старшынёй Упраўлення фінансавай інфармацыі Ватыкана


RealAudioMP3 Святы Айцец прызначыў старшынёй ватыканскага Упраўлення фінансавай інфармацыі кардынала Аціліё Нікору і чатырох членаў яго Кіраўнічай рады. Мэтай гэтай, створанай 30 снежня мінулага года ўстановы, з’яўляецца забеспячэнне большага нагляду і кантролю ў мэтах прадухілення ў Дзяржаве Ватыкан, Рымскай Курыі і ўсіх арганізацыях, якія належаць да Апостальскай Сталіцы, фінансавых махінацый і адмывання грошай.

73-гадовы кардынал Нікора ад 1 кастрычніка 2002 году з’яўляецца старшынёй Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, а раней адказваў у італьянскім епіскапаце за пытанні ўласнасці. Ён быў таксама старшынёй італьянскай "Карытас". Ян Павел II ўключыў яго ў Калегію кардыналаў 21 кастрычніка 2003 г.

Членамі Кіраўнічай рады былі прызначаны прафесары Клаўдыё Б'янкі, Марчэла Кондэмі, Джузэпэ Далла Торэ і доктар Чезаре Тэста. Гэта вядомыя італьянскія юрысты, якія спецыялізуюцца ў пытаннях банкаўскага права.

“Апостальская Сталіца падтрымлівае намаганні міжнароднай супольнасці па барацьбе з незаконнымі фінансавымі аперацыямі і ўводзіць у сваю дзейнасць прынятыя ў свеце стандарты па прадухіленні і барацьбе з увядзеннем у абарачэнне даходаў ад злачыннай дзейнасці”, - заявіў кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі.







All the contents on this site are copyrighted ©.