2011-01-18 11:43:43

Кардынал Кох: мучаніцтва – фундамент адзінства


RealAudioMP3 На старонках ватыканскага выдання “L'Osservatore Romano” старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох цытуе Айцоў Касцёла: “каб кроў пераследаваных хрысціянаў стала засевам адзінства”.

Ён кажа пра “экуменізм мучанікаў”. “Мінулыя стагоддзі, як і цяперашнія часы паказваюць, што ўсе Касцёлы і хрысціянскія супольнасці маюць сваіх мучанікаў. Сёння хрысціянства з’яўляецца найбольш пераследаванай рэлігіяй. Толькі ў 2008 годзе на 2,2 мільярда хрысціянаў у свеце, 230 мільёнаў сталі ахвярамі дыскрымінацыі, гвалтоўнай варожасці і нават рэальнага пераследу. Гэта азначае, што сёння 80 працэнтаў перследаваных з прычыны сваёй веры – гэта хрысціяне” - піша кардынал Кох.

Ён спадзяецца, што “малітоўная памяць пераследаваных хрысціянаў паглыбіць нашу экуменічную адказнасць, ператворыць яе ў “экуменізм мучанікаў”, бо нягледзячы на драму расколу паміж Касцёламі гэтыя непарушныя сведкі веры паказалі, што сам Бог захоўвае адзінства ахрышчаных на самым глыбокім узроўні дзякуючы веры, якая сведчыцца праз найвышэйшую ахвяру жыцця”.

Кардынал спадзяецца, што “кроў мучанікаў нашых часоў стане некалі насеннем поўнага адзінства Цела Хрыста”. “Гэту надзею, аднак, мы павінны падтрымліваць сур’ёзным чынам, паспяхова нясучы дапамогу пераследаваным хрысціянам па ўсім свеце, паказваючы сітуацыі пакутніцтва і разам працуючы на карысць пашаны рэлігійнай свабоды і годнасці чалавека”.







All the contents on this site are copyrighted ©.