2011-01-16 15:37:33

"З сэрцам у кантакце”. Захоўвай "правіла"


Сёння я хачу расказаць пра вельмі цікавую рэч, прыладу, якая ўжываецца ў духоўным жыцці. Мова пойдзе пра «правіла». Быць можа некаторыя з вас чулі манаскую прымаўку: «Захавай правіла і правіла захавае цябе». Вось пра тое, што такое правіла, якое яно бывае і, што такое малітоўнае правіла ў прыватнасці мы сёння пагаворым.

Скакаць пад дудку

Наш свет змушае нас падпарадкавацца свайму рытму. Гэта рытм работы, адпачынку, тэлевізара, навін, тэлефонных званкоў, смс-паведамленняў і паведамленняў з сацыяльных сетак. Сучасны чалавек ужо пачаў заўважаць, што не спраўляецца з гэтым рытмам. Занадта шмат працы, шмат інфармацыі, шмат стрэсу!

Як адказ на праблемы, якія ўзнікаюць пачала з'яўляцца літаратура па тайм менеджменце, коўчынгу і прадуктыўнасці. Тайм-мененджмен вучыць нас аб тым, як правільна загаспадараваць час, коўчынг — як сфармулёўваць і асягаць мэты, кнігі па прадуктыўнасьці вучаць нас здароваму ладу жыцця ды ўменню заставацца здаровым, працуючы з максімальным КПД.

Аднак, «няма нічога новага пад сонцам», як аднойчы сказаў Эклезіяст (Кніга Эклезіяст, гл.1, арт. 9). Новае - гэта добра забытое старое. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што гэта манахі даўным-даўно першымі прыдумалі методыкі і спосабы арганізацыі часу ды павышэння прадуктыўнасці. Правіла - тэма сённяшніх разважанняў - адна з такіх методык.

«Хай гэты свет прагнецца пад нас»

Я ўжо ўзгадаў пра манаскую прымаўка, якая абвяшчае: «Захоўвай правіла і правіла захавае цябе». «Ды што ж гэта нарэшце такое?» - Спытаеце вы. Нічога асаблівага: правіла - гэтадзеянне (дзеяння), якое рэгулярна паўтараецца. Так бымовіць, рытуал, які дапамагае замацаваць чалавеку, які яго выконвае, станоўчую звычку. Некаторыя з нас напэўна ведаюць пра моц звычкі, а некаторыя магчыма толькі здагадваюцца пра яе сілу. Ёсць добрыя, а ёсць дрэнныя звычкі. Добрыя дапамагаюць нам жыць, а благія — перашкаджаюць. Каб выпрацаваць у сабе звычку, трэба на працягу хацяб 20 дзён рэгулярна паўтараць пэўныя дзеянні, скіраваныя на чаканы і загадзя акрэслены вынік.

У выпадку, калі гаворка ідзе аб малітоўным правіле - гэта набор вызначаных малітоўных дзеянняў (напрыклад, чытанне малітваў па малітваслове, чытанне Бібліі, паклоны, наведванне нядзельнага багаслужэння). Гэтыя дзеянні, вернік, асабліва пачатковец ў духоўным жыцці, бярэцца рэгулярна выконваць, дзеля выпрацавання ў сабе звычкі весьці малітоўнае жыццё.

Самае простае малітоўнае правіла прапаноўвае нам Серафім Сароўскі. Гэта правіла ўключае ў сябе штодзённае чытанне (раніцай і ўвечары) двух малітваў: «Ойча наш» і «Багародзіца, Дзева, радуйся». Само яго выкананне не азначае, што ў іншы час няма патрэбы моліцца. Наадварот, малітоўнае правіла становіцца сабой стрыжань малітвы, падрыхтоўвае да яе. На гэты стрыжань, як на аснову, мы можам «чапляць» нейкія дадатковыя пабожныя практыкаванні: дадатковыя асабістыя малітвы, чытанне Бібліі, удзел у багаслужэннях сярод тыдня.

Малітоўнае правіла разрозніваюць паводле часу малітвы на ранішняе і вячэрняе, а таксама паводле характару малітвы на асабістае малітоўнае правіла ды царкоўнае правіла. У царкоўнае правіла ўваходзяць багаслужэнні «сутачнага» кола, такія як вячэрня, ютрань, гадзіны, павячэрніца ды палуношніца.

Асабістаму малітоўнаму правілу, сябры, мы прысвяцім усю наступную перадачу «З сэрцам у кантакце». У наступнай перадачы вы даведаецеся пра тое, што можа ўваходзіць у малітоўнае правіла, як самастойна скласці яго для сябе.

Пішыце на эмэйл-адрас: zsercam@gmail.com пра добрыя звычкі, якія вам атрымалася выпрацаваць у сабе, карыстаючыся правілам — «захоўвай правіла». На гэтым я развітваюся. З вамі быў айцец Андрэй Буйніч у праграме прысвечанай духоўнаму жыццю «З сэрцам у кантакце». Да хуткай сустрэчы.







All the contents on this site are copyrighted ©.