2011-01-16 12:43:18

Бэнэдыкт XVI у пасланні на Дзень мігрантаў нагадвае аб братэрстве ўсіх людзей


RealAudioMP3 Аб братэрстве ўсіх людзей, абавязку гасціннасці, праве кожнага чалавека да эміграцыі і, адначасова, праве дзяржавы рэгуляваць прыток мігрантаў і абараняць свае межы, нагадаў Бэнэдыкт XVI у пасланні на сённяшні 97-ы Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў.

Святы Айцец адзначае, што ўсе людзі, браты ў Хрысце. Таму, як тэму сёлетніх разважанняў прапануе: "Адзіная чалавечая сям'я", паколькі "ўсе мы як людзі, гэта значыць як браты і сёстры, ідзём тым жа шляхам". Папа нагадвае аб прычынах, па якіх некаторыя людзі пакідаюць сваю радзіму. Да іх адносяцца, у прыватнасці, розныя віды пераследаў. "Мы, такім чынам, належым да адной сям'і - як мігранты, так і мясцовыя супольнасці, якія іх прымаюць - і ўсе мы маем такое ж права на выкарыстанне зямных каштоўнасцяў, характар якіх універсальны", - кажа Бэнэдыкт XVI.

Папа нагадвае, што Касцёл прызнае права кожнага чалавека “пакінуць сваю краіну і накіравацца ў іншую ў пошуках лепшых умоваў жыцця”. У той жа час дзяржавы маюць права рэгуляваць паток мігрантаў і абараняць свае межы, гарантуючы павагу да кожнага чалавека, належную яго годнасці.

Святы Айцец нагадвае, што абавязкам эмігрантаў з'яўляецца інтэграцыя ў краіне, якая іх прымае, павага да яе правоў і нацыянальнай ідэнтычнасці. Пантыфік таксама падкрэслівае, што задачай Касцёла з'яўляецца "спроба стварэння ўсеагульнага братэрства". Гэта адбываецца асабліва ў сакрамэнце Эўхарыстыі, якая ў сэрцы Касцёла становіцца невычэрпнай крыніцай адзінства ўсяго чалавецтва. Дабрачыннасць, якая практыкуецца асабліва адносна бедных і слабых, з'яўляецца крытэрыем сапраўднасці цэлебрацыі Эўхарыстыі.

Святы Айцец звяртае ўвагу на цяжкае становішча вымушаных перасяленцаў. Звяртаецца з заклікам каб людзі, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы або землі, сустрэлі дапамогу ў пошуках месца, дзе яны могуць жыць у супакоі і бяспецы, дзе яны маглі б працаваць і засвоіць правы і абавязкі краін, якія прынялі іх.

Папа нагадвае пра замежных студэнтаў, якія набываюць веды і навыкі за межамі сваіх уласных краін. Адзначае, што яны ўтвараюць "памост" культурны і эканамічны паміж іх радзімай і прымаючымі іх краінамі, усё гэта вызначае рух у напрамку стварэння "адзінай чалавечай сям'і".

Бэнэдыкт XVI заклікае усіх, каб станавіліся людзьмі здольнымі да жыцця ў братэрскіх адносінах, каб у сферы грамадскага, палітычнага і інстытуцыянальнага жыцця павялічвалася зразуменне і ўзаемная павага паміж народамі і культурамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.