Кардынал Бэртонэ нагадаў пра цесную сувязь паміж правам і мараллю
На маральныя прынцыпы
права звярнуў увагу падчас інаўгурацыі судовага года Трыбуналу дзяржавы Ватыкан кардынал
Тарчызіо Бэртонэ. Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы ў сваёй гаміліі падчас св.
Імшы з гэтай нагоды падкрэсліў, што вяршэнства закона патрабуе адкрыцця пазітыўнага
і вызваленчага маральнага права і яго ўплыву на грамадскае жыццё.
Кард. Бэртонэ
адзначыў, што асноўнай прычынай беззаконня з'яўляецца адсутнасць сувязі паміж маралллю
і ісцінай. Маральнасць нясе адказнасць за стымуляванне і падтрыманне нормаў. Адначасова
кардынал Дзяржсакратар адзначыў, што маральнасць павінна зыходзіць з праўды, замацаванай
у сэрцы кожнага чалавека, якая з'яўляецца крытэрыем дабра і зла. У адваротным выпадку,
мы ўпадаем у маральны суб'ектывізм, крытэрыем якога з'яўляецца сама чалавечая асоба
і яе абсалютная свабода ў вызначэнні межаў у тым, што з'яўляецца прымальным, і тым,
што такое дабро і зло. "Такі падыход, які прыпісвае чалавечай асобе абсалютную свабоду,
цалкам супярэчыць Божаму плану", - адзначыў кардынал.
Бліжэйшы супрацоўнік
папы Бэнэдыкта XVI падкрэсліў, што маральны закон, на самой справе, не супярэчыць
чалавечай асобе і яе патрэбам, а служыць ёй, таму што дапамагае пазбегнуць унутранага
разрыву паміж найглыбейшай ісцінай, замацаванай у сэрцы Богам і канкрэтнымі паводзінамі
на працягу ўсяго жыцця. У гэтым кантэксце кардынал Бэртонэ адзначыў задачу хрысціянскай
супольнасці, якая створана для навучання выконванню Божага права і запаведзяў. Ён
адзначыў, што спасылка на Касцёл сёння жывая і моцная, таму што прызнаецца яго здольнасць
і кампетэнтнасць у пропаведзі слова падбадзёрвання і надзеі.