2011-01-12 15:54:04

Індыя: у мінулым годзе здзейснена амаль 150 нападаў на хрысціянаў


RealAudioMP3 У 2010 годзе ў Індыі адбылося 149 нападаў на хрысціянаў, - заявіла ватыканскае місіянерскае інфармацыйнае агенцтва “FIDES”, спасылаючыся на мясцовую асацыяцыю евангелістаў. У дакладзе гаворыцца, што акты гвалту, якія здзейснілі індуісцкія экстрэмісты, адбыліся ў 18 індыйскіх штатах.

Індуісцкія групы фанатыкаў, якія з'яўляюцца галоўнымі віноўнікамі гэтых злачынстваў, працягваюць дзейнічаць бесперашкодна пры агульнай абыякавасці і беспакаранасці. У некаторых выпадках нават мясцовыя ўлады належаць да індыйскай нацыяналістычнай партыі, якая публічна бароніць тэрарыстаў.

У дакуменце звяртаецца ўвага на тое, што выпадкі гвалту супраць хрысціянаў уключаюць напады на людзей, месцы культу, установы, нават групы вернікаў, сабраных на малітве. Існуюць выпадкі сексуальнага гвалту ў адносінах да хрысціянскіх жанчын, а таксама запалохванне або прымусовае навяртанне на індуізм.

На думку аўтараў дакумента, асноўнай прычынай усё яшчэ існуючай агрэсіі супраць паслядоўнікаў Хрыста, з'яўляецца пачуццё беспакаранасці вінаватых у здзяйсненні гэтых злачынстваў. Акрамя таго, некаторыя сродкі масавай інфармацыі праводзяць часта антыхрысціянскую прапаганду, узбуджаючы нянавісць на рэлігійнай глебе і заклікаючы да гвалту.







All the contents on this site are copyrighted ©.