2011-01-10 13:13:43

Гаіці: кардынал Сара перадасць 1,2 млн. долараў ЗША на рэканструкцыю школ і храмаў


RealAudioMP3 Старшыня Папскай рады “Cor Unum” кардынал Роберт Сара перадасць ад імя Святога Айца дапамогу для Гаіці: 800 тысяч долараў ЗША на рэканструкцыю школ і 400 тысяч долараў на аднаўленне касцёлаў – гаворыцца ў паведамленні вытыканскай дыкастэрыі. Кардынал прыбыў на Гаіці ў гадавіну землятрусу, у выніку якога загінула 250 тысяч асобаў і мільёны засталіся без жылля.

Сёння, кардынал Сара наведаў Леогане і некаторыя законныя супольнаці, якія займаюцца адукацыйнай і медыцынскай працай. Заўтра - 11 студзеня, старшыня Папскай рады “Cor Unum” будзе прыняты прэзідэнтам Гаіці Рэнэ Прэвалю, наведае лагер бежанцаў у Парк Акра і правядзе там святую Імшу. 12 студзеня ён прачытае пасланне Святога Айца падчас Эўхарыстыі ў першаую гадавіну трагічнага землятрусу. Кардынал Сара сустрэнецца таксама з біскупамі, семінарыстамі і супрацоўнікамі “Карытас” і міжнародных грамадскіх арганізацый. У апошні дзень свайго візіту на Гаіці, 13 студзеня, кардынал Сара ўзначаліць св. Імшу ў кляштары Дочак Марыі, якія падчас мінулагодняга бедства страцілі 15 сясцёр, а 12 атрымалі сур'ёзныя траўмы.

Сваім візітам старшыня Папскай рады “Cor Unum” жадае падзякаваць усім, хто ўключыўся ў велізарную працу дапамогі Гаіці і дадаць надзеі мясцоваму Касцёлу, а таксама заахвоціць да новага этапу дабрачыннай дзейнасці – гаворыцца ў паведамленні дыкастэрыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.