2010-12-31 13:59:44

"Homo caritatis". Энцыкліка Папы Яна Паўла ІІ “Sollicitudo rei socialis”


Дарагія сябры, мы працягваем цыкл праграм “Homo caritatis” (“Чалавек міласэрны”) прысвечаных сацыяльнаму навучанню Касцёла. У мінулай праграме мы размаўлялі аб першай сацыяльнай энцыкліцы Святога Айца Яна Паўла ІІ, якая называецца “Laborem exercens” (“Выконваючы працу”), а сёння мы паразмаўляем аб другой энцыкліцы гэтага вялікага Папы, назва якой гучыць “Sollicitudo rei socialis” (“З клопатам аб сацыяльным дабрабыце”). Канешне ў нашай праграме будзе не магчыма перадаць змест усёй энцыклікі, але я бы хацеў засяродзіць вашу увагу на некалькіх, на мой погляд, цэнтральных момантах гэтага дакументу і заахвоціць вас да яе самастойнага прачытання.

Па-першае, я хачу звярнуць вашу увагу на тое, што энцыкліка Sollicitudo rei socialis” (“З клопатам аб сацыяльным дабрабыце”), з’яўляецца працягам і дапаўненнем энцыклікі Паўла VI “Populorum progressio” (“Развіццё народаў”). А гэтая энцыкліка, у сваю чаргу, была тлумачэннем шматлікіх рашэнняў Другога Ватыканскага Сабору, асабліва яго пастырскай канстытуцыі “Gaudium et spes”.

Па-другое, хачу звярнуць увагу на тое, што энцыкліка Sollicitudo rei socialis”, як і іншыя дакументы Яна Паўла ІІ адштурхоўваецца не ад навукі, але ад Евангелля і “Божага плану”, якія ён параўноўваў з рэальнасцю і нарэшце зноў вяртаўся да Евангелля. Разуменне гэтай логікі Папы павінна дапамагчы чытачу ў азнакамленні з энцыклікай.

Адной з цэнтральных тэм энцыклікі “Sollicitudo rei socialis” з’яўляецца тэма развіцця. Многія даследчыкі мяркуюць, што аналізуючы развіццё ў сучасным свеце Папа даў яму вельмі негатыўную адзнаку, што робіць энцыкліку пессымістычнай у параўнанні з энцыклікай Populorum progressio” (“Развіццё народаў”). Аднак Папа хутчэй за ўсё даў развіццю ў сучасным свеце не негатыўную, а рэалістычную адзнаку. Гэта можна патлумачыць тым фактам, што той час які прайшоў сапраўднага развіцця так і не адбылося. Нават, розніца паміж “багатымі краінамі” і тымі, які толькі развіваюцца павялічылася. Аб якім развіцці можа ісці размова, калі яно разумееца толькі як эканамічны тэрмін. “Развіццё” у тым сэнсе ў якім казаў аб ім Пантыфік, з’яўляецца маральным тэрмінам. З такога пункту гледжання ў свеце павялічылася сапраўднае недаразвіццё, якое закранула і бедныя і багатыя краіны. Гэта адна з асноўных ідэй энцыклікі.

Тэма развіцця ў энцыкліцы звязана з рознымі сферамі: напрыклад, развіццё і правы чалавека, развіццё і абарона акружаючага асяродзя, развіццё і свабода.

Папа звяртаючы ўвагу на праблему суперразвіцця, падкрэслівае, што няма розніцы паміж “мець” і “быць”, але ў сучасным свеце чалавечае імкненне “мець” дамінуе над імкненнем “быць”. Гэта асабліва характарызуе звышразвітыя краіны дзе некаторыя маюць шмат, але з’яўляюцца некім, а іншыя “ніхто”, з-за таго, што не маюць нічога.

Такім чынам Ян Павел ІІ, кажучы аб недаразвіцці і суперразвіцці выражае негатыўнае суджэнне аб іх. Але гэтае суджэнне з’яўляецца маральным, а не эканамічным. Яно грунтуецца на адносінах Касцёла да чалавека, да яго паклікання і да яго прыроды.

Другой важнай тэмай, на якую трэба звярнуць увагу пры чытанні энцыклікі, з’яўляецца тэма салідарнасці.

Энцыкліка прадстаўляе салідарнаць як хрысціянскую цноту, а не толькі наступства пасіўнай узаемазалежнасці паміж людзьмі і народамі. Таму, салідарнасць з’яўляецца не толькі спачуваннем да тых, хто апынуўся ў бядзе, але перш за ўсё ажыцяўленнем хрысціянскай любові.

Каб падцвердзіць гэта, Папа адштурхоўваецца ад канкрэтных фактаў, ад аналізу стылю сучаснага жыцця; а не ад абвяшчэння пэўных прынцыпаў; ён адштурхоўваецца ад аналізу узаемазалежнасці паміж асобнымі людзьмі, паміж сацыяльнымі групамі і нарэшце паміж цэлымі народамі. Гэтая узаемазалежнасць, кажа Папа, успрымаецца сёння пасіўна, вынікам чаго становіцца падзел свету на краіны Першага, Другога, Трэццяга і Чацьвёртага свету.

Узаемазалежнасць, аб якой кажа Папа, з’яўляецца не толькі эканамічнай, але перш за ўсё культурнай, ці нават можна сказаць маральнай. Таму, важным заданнем чалавецтва з’яўляецца заданне адчуць і зразумець гэтую узаемазалежнасць паміж кожным чалавекам і кожным народам. Менавіта этычнае разуменне узаемазалежнасці Ян Павел ІІ лічыць першаснай цнотай салідарнасці.

Аб’ектам салідарнасці, т.е. тым на чым павінен быць угрунтаваны прыватны і грамадскі стыль жыцця з’яўляецца супольнае дабро. Разважаючы аб супольным дабры, Папа кажа, што менавіта ад яго трэба адштурхоўвацца на шляху да дабра асабістага. Папа заклікае змяніць спосаб мыслення. Раней чалавек думаў так: напачатку стану багатым, а потым буду дапамагаць бедным. Але Папа кажа, што не магчыма станавіцца багатым калі нехта побач церпіць, таму трэба кіравацца прынцыпам: мне добра, калі добра ўсім, хто навокал мяне.

Дарагія сябры, я бы хацеў звярнуць увагу на тое, што Папа падкрэслівае хрысціянскі характар салідарнасці, таму яна павінна мець свае карані ў любові, безкарыснасці, прабачэнні і прымірэнні.

У святле гэтых прынцыпаў трэба глядзець на праблему бедных. Трэба разумець, што салідарнасць не павінна быць цнотай асобнай ад іншых хрысціянскіх цнотаў, але наадварот, цнотай якая аб’ядноўвае ўсе іншыя ў грамадскім і хрысціянскім жыцці. Таму што салідарнасць гэта лагічны адлюстраванне хрысціянскай любові, якая грунтуецца на трынітарным жыцці Бога, на жыцці ў супольнасці трох Боскіх асобаў.

У сённяшняй праграме, мы паразмаўлялі аб развіцці і салідарнасці, двух прынцыповых тэмах, якія закрануў у сваёй энцыкліцы Sollicitudo rei socialis” (“З клопатам аб сацыяльным дабрабыце”) Папа Ян Павел. У наступнай праграме, якая адбудзецца ў наступны аўторак мы працягнем знаёміцца з гэтай энцыклікай Вялікага Папы.








All the contents on this site are copyrighted ©.