2010-12-23 15:47:09

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма аб важнейшых падзеях 2010 г. для Святой Зямлі


RealAudioMP3 Удзячнасць Бэнэдыкту XVI за Сінод Біскупаў для Блізкага Усходу, задавальненне з прычыны рэкорднага наплыву пілігрымаў у Святую Зямлю, а таксама занепакоенасць з прычыны пажару ў ваколіцах Хайфы і няўдачы ў перамовах паміж Ізраілем і Палесцінскай аўтаноміяй аб міры — галоўныя тэмы паслання арцыбіскупа Фуада Туаля на Божае Нараджэнне. Лацінскі Патрыярх Іерусаліма нагадвае ў пасланні аб важнейшых падзеях 2010 г.
Кажучы аб пасяджэнні Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу, арцыбіскуп Туаль заўважае, што яно стала нагодай, каб «укласці палец у нашы раны, а адначасова выказаць чаканні і надзеі». Патрыярх заахвочвае вернікаў Святой Зямлі быць добрымі хрысціянамі і грамадзянамі. «Вера павінна матываваць да большага ўдзелу ў будаванні нашых грамадстваў, як у арабскіх краінах, так і на тэрыторыі дзяржавы Ізраіль», — піша іерарх, нагадваючы, што айцы Сіноду асудзілі ўсялякае насілле, рэлігійны фундаменталізм, антысемітызм, антыхрысціянізм і ісламафобію.
Пішучы аб рэкорднай колькасці пілігрымаў у Святой Зямлі (іх лічба да канца года можа скласці 3,4 мільёны), Патрыярх адзначае, што гэты факт пацвярджае паўсюднае значэнне Іерусаліма, Бэтлеема і Назарэта, гасціннасць мясцовых жыхароў і прысутных там Цэркваў, а таксама добрую працу міністэрстваў турызму Ізраіля і Палесціны.

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма выказвае задавальненне з прычыны прызнання віз святароў, семінарыстаў і валанцёраў, адначасова молячыся аб поспеху ў размовах Апостальскай Сталіцы з Арганізацыяй вызвалення Палесціны.

Арцыбіскуп Туаль згадвае і аб вялікім пажары ў ваколіцах Хайфы. Гэтае здарэнне, як адзначаецца, дапамагло выявіцца міжнароднай салідарнасці, у тым ліку з боку палесцінскіх уладаў. Па словах іерарха, гэта можна назваць пачаткам плённага супрацоўніцтва, якое працягнецца ў мірных умовах.








All the contents on this site are copyrighted ©.