2010-12-21 16:34:42

Калядная Імша на Радыё Ватыкана. Айцец Ламбардзі: “Пасля цяжкага года, працягваем даваць свету надзею.”


Імшу для працаўнікоў Радыё Ватыкана перад святам Божага нараджэння сёння ўзначаліў адказны за Беларускую праграму ксёндз Аляксандр Амяльчэня, з якім ў капліцы Дабравешчання ў будынку Радыё - у Палацо Піо непадалёк ад плошчы святога Пятра - саслужылі Еўхарыстычнае набажэнства многія калегі-святары.

Пасля адбыўся святочны абмен прывітаннямі і сумеснае снеданне. Рэдактары, журналісты, тэхнічны і адміністрацыйны персанал - святары, манахі і свецкія: вялікая сям'я этнічных рэдакцый Радыё Ватыкана, якое вяшчае на 45 розных мовах для ўсіх народаў свету – сабраліся разам у малітве ў чаканні Раства. У сваёй гаміліі ксёндз Амяльчэня звярнуў увагу на чалавечае і духоўнае багацце гэтай працоўнай грамады.

"Мы такія розныя - пачынаючы ад культуры, мовы і ўзросту персанала, але мы спалучаныя адной працай. Сёння мы просім Бога, Які спасярод нас і павінен быць у цэнтры нашай агульнай дзейнасці, каб зрабіў з нашых адрозненняў магутны інструмент для адзінства тут, у рэчаіснасці нашага Радыё ".

Пасля Імшы добрыя пажаданні і падзяку за працу выказаў Генеральны дырэктар Тэле-радыё Ватыкана айцец Федэрыко Ламбардзі. Асаблівыя словы радасці ён выказаў пенсіянерам, якія не забываюцца і працягваюць чуць калектыў Радыё сваёй сям’ёй.

"Мы набліжаемся да канца года, які, як мы ведаем, быў не вельмі лёгкі па розных прычынах. Нялёгкім ён быў для Касцёла, пра што сказаў у сваім звароце да Рымскай курыі Папа. Нялёгкім ён быў для свету і для краін, і гэта ляжыць сумам на душы. У гэтай сітуацыі, якая з'яўляецца часткай нашага земскага падарожжа, мы просім Пана даць пункты трывалай абапёры: каб мелі знакі Яго прысутнасці ў нашым жыцці, так, каб актыўна і мужна здольвалі несці пасланне надзеі гэтаму свету, які мае ў ім велізарную патрэбу. "

Айцец Ламбардзі прыгадаў, што Радыё хутка адзначыць 80-годдзе, працягваючы адыгрываць ўсе гэтыя дзесяцігоддзі сваю стратэгічную ролю на службе Папу і Святому Пасаду, распаўсюджваючы слова Евангелля.









All the contents on this site are copyrighted ©.