2010-12-20 14:38:51

Патрыярх Кірыл занепакоены ўціскам хрысціянаў у Еўропе


RealAudioMP3 Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл занепакоены спробамі выцесніць рэлігійныя каштоўнасці з грамадскай сферы ў Еўропе.

"Гаворачы аб Еўропе, Еўрапейскім Саюзе, я б хацеў выказаць заклапочанасць, што тычыцца адносінаў да праяваў хрысціянскай веры ў грамадскай сферы", - сказаў Патрыярх на сустрэчы з прэзідэнтам Латвіі Валдзісам Затлерсам сёння ў Маскве.

Ён сказаў, што ў некаторых краінах ЕС "ўзнікаюць цяжкасці з тым, каб людзі маглі адкрыта спасылацца на свае рэлігійныя перакананні ў ажыццяўленні грамадскай і прафесійнай дзейнасці".

"Гэта прыводзіць да вялікага напружання, мы бачым у гэтым спробы выключэння рэлігійных сімвалаў з грамадскай прасторы", - падкрэсліў патрыярх Кірыл.

Ён нагадаў, што ў Савецкім Саюзе "з цэркваў здымаліся крыжы, мы вельмі добра ведаем, да чаго прыводзіць барацьба дзяржавы з рэлігійнымі сімваламі".

"Вельмі важна, каб сёння са спасылкамі на правы чалавека, рэлігійныя свабоды, шматкультурнасць, шматканфесійнасць заходняга грамадства не было спроб выключаць бачныя знакі рэлігійнай прысутнасці з грамадскага жыцця", - сказаў кіраўнік РПЦ.

На яго думку, трэба зрабіць так, каб рэлігійныя супольнасці "мелі магчымасць прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і каб ні ў аднаго чалавека, у тым ліку хрысціяніна, не ўзнікала адчування, што яго рэлігійныя перакананні не вітаюцца грамадствам і дзяржавай".







All the contents on this site are copyrighted ©.