2010-12-19 13:53:09

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: у св. Юзэфе фарміруецца новы чалавек, які глядзіць з упэўненасцю і мужнасцю ў будучыню


RealAudioMP3 Постаці святога Юзэфа, якога ўзгадвае літургія сённяшняй чацвёртай нядзелі Адвэнту, прысвяціў Бэнэдыкт XVI свае разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” сёння, 19 снежня ў Ватыкане. Ён даверыў гэтаму "паўсюднаму заступніку Касцёла" ўсіх душпастыраў, каб яны штодзённа дэманстравалі ўсім хрысціянам словы і справы Езуса.

"Дарагія браты і сёстры!

У гэту чацвёртую нядзелю Адвэнту Евангелле св. Мацвея апавядае аб тым, што адбывалася перад нараджэннем Езуса з пункту гледжання святога Юзэфа. Ён быў прадзначаным мужам Марыі, якая "перш чым пачалі жыць разам, зачала ад Духа Святога" (Мц 1,18). Сын Божы, выконваючы старажытнае прароцтва (Іс 7,14), стаў чалавекам ва ўлонні Дзевы і гэта таямніца выяўляе любоў, мудрасць і моц Бога на карысць чалавецтва параненага грахом. Св. Юзаф прадстае перад намі як "чалавек справядлівы" (Мц 1,19), верны Божаму закону, гатовы да выканання Яго волі. Таму, уступае ў таямніцу Уцелаўлення, калі анёл Пана з’яўляецца яму ў сне і кажа: " Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў"(Мц 1,20-21). Адкідваючы ідэю аб там, каб патаемна адпусціць Марыю, бярэ яе да сябе, таму што яго вочы ў гэты момант бачаць у ёй Божую справу.

Св. Амброзій кажа ў каментары, што "у Юзэфе нам дэманструецца прыгажосць і постаць чалавека справядлівага, каб яшчэ больш годнай стала яго рыса як сведкі" (Кам. да Евангелля св. Лукі II, 5: CCL 14,32-33). "Ён не мог запляміць - працягвае Амброзій - храм Святога Духа, Маці Пана, урадлівага ўлоння таямніцы" (там жа, II, 6: CCL 14.33). Хоць дасведчаны сумневам, Юзэф робіць так, "як загадаў яму анёл Пана", ведаючы, што робіць добрую справу. Таксама, даючы імя "Езус" гэтаму Дзіцяці, якое кіруе ўсім Сусветам, ён становіцца ў шэрагу сціплых і верных слуг, падобны да анёлаў і прарокаў, апосталаў і мучанікаў, - як кажуць старажытныя ўсходнія гімны. Св. Юзэф прапаведуе цуды Пана, сведчачы беззаганнасць Марыі, бескарыслівасць дзеяння Бога і ахоўваючы зямное жыццё Месіі. Ушаноўваем законнага бацьку Езуса (гл. ККК п. 532), таму што ў ім фарміруецца новы чалавек, які глядзіць з упэўненасцю і мужнасцю ў будучыню, не ідзе за ўласнымі планамі, але цалкам давярае бясконцай міласэрнасці Таго, Які пацвярджае прароцтвы і адкрывае час збаўлення.

Дарагія сябры,

святому Юзэфу, паўсюднаму апекуну Касцёла, я давераю ўсіх святароў, заклікаючы іх да прадстаўлення "хрысціянам і ўсяму свету з пакорай кожны дзень словаў і жэстаў Хрыста" (Ліст на пачатак года святарства). Няхай наша жыццё ўсё больш і больш набліжаецца да асобы Езуса, менавіта таму, што "Той, хто ёсць Словам, Ён сам прымае цела, паходзіць ад Бога як чалавек і бярэ на сябе ўсё чалавечае існаванне, прыносіць яго да Божага слова" (Езус з Назарэта; Мілан 2007, стар. 383). Просім з даверам Панну Марыю, поўную ласкі "упрыгожанне Бога", каб у час настолькі блізкага ўжо Божага Нараджэння, нашыя вочы расплюшчыліся і ўбачылі Езуса, а сэрцы радаваліся ў гэты цудоўны момант спаткання любові".

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Святы айцец удзяліў усім сабраным сваё благаслаўленне і звярнуўся да сабраных на французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай і польскай мовах.







All the contents on this site are copyrighted ©.