2010-12-18 16:54:33

Біскуп Дзям’янка падзяліўся аплаткай з дзеячамі навукі і культуры


17 снежня 2010 г. у мінскай парафіі святых Сымона і Алены сабраліся дзеячы навукі і культуры, выкладчыкі і выхавацелі. У гэты зімовы вечар, за тыдзень да свята Божага Нараджэння, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскі Антоні Дзям'янка ўзначаліў Імшу ў іх інтэнцыі і падзяліўся аплаткай.

На пачатку літургіі пробашч парафіі кс. Уладзіслаў Завальнюк прывітаў усіх прысутных,а біскуп Дзям’янка пажадаў прысутным дзеячам культуры і навукі "ісці з Богам і несці Яго ў наша грамадства”.

Звяртаючыся да ўрыўку з Евангелля, біскуп Дзям’янка нагадаў пра тое, што “Адвэнт – час для таго, каб мы жылі ў веры, каб задумаліся над тым, як выкарыстоўваем час, які нам даў Бог”.

“Я жадаю, каб Езус Хрыстус, якога Ян Хрысціцель назваў “словам”, дапамагаў вам у працы, і каб вы дапамагалі ўзрастаць тым, хто вам даручаны”, - адзначыў іерарх. – Вы робіце важную справу ў гэтым грамадстве, у гэтым горадзе”.

Пасля Імшы ў дольным памяшканні касцёла адбылося дзяленне аплаткай, а кожны жадаючы мог паразмаўляць з прысутным іерархам на надзённыя тэмы.









All the contents on this site are copyrighted ©.