2010-12-17 13:11:11

Мітрапаліт Кандрусевіч: “Будуюцца ўсё шырэйшыя аўтастрады і адначасова звужаюцца гарызонты духоўнага жыцця”


RealAudioMP3 Сёння было апублікавана пасланне мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне.

“У ім іерарх нагадвае, што «сёння мы не толькі ўспамінаем гістарычную падзею Нараджэння Збаўцы, мы праслаўляем Хрыста, які, нарадзіўшыся ў Бэтлееме больш за дваццаць стагоддзяў таму, сваёю ласкай нараджаецца ў сучасным свеце”.

Штодзённае жыццё пацвярджае, што нашыя сэрцы ўстрывожаны, яны шукаюць спакою і не ведаюць, дзе яго знайсці. І вось, дзякуючы таямніцы Уцелаўлення, Бог прымае чалавечы вобраз і прамаўляе да нас чалавечай мовай.

Мітрапаліт падкрэслівае, што “гістарычны досвед паказвае, што калі чалавек сваё жыццё не будуе на падмурку праўды, то на самой справе яно не рэалізуецца. Знешне яно можа выглядаць нармальным, нават, можа, вельмі добрым. Аднак раней ці пазней памылка праявіць сябе ў трагедыі лёсу чалавека і нават цэлых грамадстваў”.

Нездаровае імкненне любым коштам да матэрыяльных каштоўнасцяў дапаўняецца залежнасцю спажывальніцтва, так што чалавек у сваім жыцці кіруецца правілам: зарабляць і траціць. Усё часцей можна ўбачыць рэкламны лозунг: «I love shopping» — «Я люблю рабіць пакупкі».

Цёмнай ноччу сучаснага свету у ззянні святла рэкламы і неонаў - кажа іерарх - з’яўляецца крызіс сям’і: законы, якія, з аднаго боку, дазваляюць забіваць як народжанае, так і ненароджанае жыццё, а з іншага — дазваляюць штучнае апладненне; імкненне да абсалютнай свабоды без адказнасці; імкненне лібералізацыі Божага закону, які па сваёй сутнасці нязменны; выкарыстанне дасягненняў генетыкі ў амаральных мэтах як, напрыклад, імкненне да кланавання чалавечага арганізму ці выкарыстоўванне эмбрыёнаў у касметычнай прадукцыі; нязгоднае з Божай воляй сексуальнае жыццё і імкненне да так званага бяспечнага сексу, што ўжо прывяло да пандэміі СНІДу; алкагалізм, наркаманія, карупцыя, насілле і многае іншае.

Вялікім выклікам з’яўляецца таксама тэрарызм, які, імкнучыся да валодання зброяй масавага паражэння, пагражае свету.

Мітрапаліт выказвае сваю заклапочанасць у сувязі з тым, што імклівае развіццё сучаснага свету з яго выклікамі моцна ўплывае на стан грамадства. У ім, як грыбы пасля дажджу, растуць высокія будынкі, але адначасова паніжаецца маральнасць. Будуюцца ўсё шырэйшыя аўтастрады і адначасова звужаюцца гарызонты духоўнага жыцця. Купляецца ўсё больш і адначасова ўсяго мала. Усё большыя памяшканні і адначасова ўсё меншыя сем’і. Усё больш адукаваных людзей і адначасова ўсё менш добрай волі. Усё больш экспертаў і адначасова ўсё больш праблем. Усё больш лекаў і адначасова ўсё больш хваробаў. Больш працяглым становіцца фізічнае жыццё і адначасова абмяжоўваецца духоўнае. Вядзецца пошук жыцця ў космасе і адначасова праводзіцца генацыд пачатага і ненароджанага жыцця. Усё больш абагаўляецца тэлебачанне, Інтэрнэт, багацце, прыемнасці, а нават сам грэх і адначасова занядбоўваецца Бог.

“Такія цёмныя з маральнага пункту гледжання бакі сучаснага жыцця, якія абагаўляе свет і якім пакланяецца, падтрымліваючы гарызантальнае і аднабаковае бачанне чалавека, пагражаюць перш за ўсё годнасці чалавечай асобы.”

У такіх абставінах духоўнай цемры нам свеціць святло Хрыста, якое заззяла больш за 2000 гадоў таму ў Бэтлееме. Божае святло прыйшло на зямлю, несучы з сабой Божую праўду і невычарпальны зарад духоўнага аднаўлення, каб развеяць цемру чалавечага сэрца.


Напрыканцы Мітрапаліт віншуе ўсіх людзей добрай волі і жадае кааб святло бэтлеемскай зоркі стала ўказальнікам на нашым шляху да сапраўднага шчасця.







All the contents on this site are copyrighted ©.