Да сінтэзу інтэлектуальнага
развіцця, маральнай дысцыпліны і ўдзелу ў рэлігійным жыцці заклікаў акадэмічны свет
Рыма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. 16 снежня 2010 г. Папа сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі
рымскіх універсітэтаў у базыліцы св. Пятра.
У сваім разважанні падчас Нешпараў
Пантыфік засяродзіўся на словах з Паслання св. Якуба: «Трывайце цярпліва, браты, ажно
да прыйсця Пана». Гэтыя словы, як адзначыў, указваюць шлях да Бэтлеема, вызваляючы
сэрцы ад усялякай неталерантнасці і фальшывых чаканняў, нагадваюць аб тым, што Бог
ужо прыйшоў у свет, ужо дзейнічае ў нашай асабістай і агульнай гісторыі і жадае быць
выслуханым. «Цярплівасць і хрысціянская трываласць, аб якіх кажа св. Якуб, з’яўляюцца
не сінонімамі апатыі, а цнотамі тых, якія здольныя будаваць не на пяску, а на скале,
тых, хто можа паважаць час і ўмовы людзей», — падкрэсліў Святы Айцец. Як дадаў
Папа, шлях да бэтлеемскай стаенкі — гэта вандроўка да ўнутранага вызвалення, да глыбокай
свабоды, бо ён пабуджае нас выйсці з нас саміх і рушыць да Бога. Пан жадае даць нам
адвагу, асабліва ў тыя хвіліны, калі мы адчуваем сябе змучанымі і патрабуем супакою
і радасці пілігрымавання да вечнасці.
Студэнтаў рымскіх універсітэтаў Пантыфік
заахвоціў да стараннай вучобы і нястомнага распазнання. «У наш час адчуваецца патрэба
ў новым класе інтэлектуалаў, здольных да інтэрпрэтацыі грамадскай і культурнай дынамікі,
да рашэнняў, не абстрактных, а канкрэтных і рэалістычных. Універсітэт пакліканы адыгрываць
гэтую ролю, а Касцёл упэўнены ў гэтым і актыўна падтрымлівае такую дзейнасць», — адзначыў
Бэнэдыкт XVI.
Святы Айцец казаў таксама аб важнасці супрацоўніцтва свецкіх
універсітэтаў з тэалагічнымі навучальнымі ўстановамі. Такое супрацоўніцтва можа паказаць,
што «магчымы новы дыялог і супрацоўніцтва паміж хрысціянскай верай і рознымі галінамі
ведаў, без змешвання і раздзялення, але з падзелам адных і тых жа імкненняў служыць
чалавеку ў яго паўнаце».
На заканчэнне Папа ўзгадаў аб копіі абраза Марыі
— Сталіцы Мудрасці, якую афрыканскія студэнты перадалі дэлегацыі іспанскай моладзі.
Такім чынам, па словах Пантыфіка, студэнты хочуць пераказаць сваім равеснікам плённасць
хрысціянскай веры ва ўсім свеце.