2010-12-17 15:04:42

Апостальская Сталіца асудзіла парушэнне рэлігійнай свабоды ўладамі Кітая


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца рашуча асудзіла парушэнне рэлігійнай свабоды ўладамі Кітайскай Народнай Рэспублікі, якім стала скліканне 7–9 снежня 2010 г. VIII Сходу прадстаўнікоў кітайскіх католікаў. Як адзначаецца ў адпаведным камюніке, якое выдала Прэс-служба Апостальскай Сталіцы, гэтая падзея пашкодзіла дыялогу і клімату даверу, які назіраўся ў апошні час у адносінах Ватыкана з Пекінам.

Як гаворыцца ў дакуменце, сход быў навязаны многім біскупам, святарам, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам. «Спосаб, якім ён быў скліканы, і яго ход выяўляе рэпрэсіўнае стаўленне ў адносінах да рэлігійнай свабоды», — падкрэсліваецца ў камюніке. Гэтая падзея выяўляе «імкненне да кантралявання найбольш інтымнай сферы жыцця грамадзян, а менавіта іх сумлення, а таксама да ўмяшання ва ўнутраныя справы Каталіцкага Касцёла».

Пры розных нагодах, чытаем далей у дакуменце, «Апостальская Сталіца публічна азнаёміла найперш біскупаў, але таксама ўсіх вернікаў, што яны не павінны прымаць удзел у гэтым мерапрыемстве. Кожны з тых, хто прысутнічаў там, у пэўнай ступені адказны перад Богам і Касцёлам. Біскупы ў асаблівасці, а таксама святары мусілі лічыцца з чаканнямі сваіх супольнасцяў, якія глядзяць на сваіх душпастыраў і маюць права, каб атрымаць пэўнае кіраванне ў веры і маральным жыцці».

Як паведамляе камюніке, вядома, што «многія біскупы і святары былі змушаны да ўдзелу ў сходзе. Апостальская Сталіца асуджае гэтае сур’ёзнае парушэнне правоў чалавека, асабліва рэлігійнай свабоды і свабоды сумлення».

Ватыкан заклікае кітайскіх католікаў заставацца «моцнымі і цярплівымі ў веры» і далей падтрымліваць сваіх пастыраў «перад абліччам несправядлівых прадпісанняў, з якімі яны сустракаюцца ў ажыццяўленні свайго служэння».

Як адзначаецца, падобныя здарэнні ў Кітаі не з’яўляюцца «шляхам, якім Касцёл павінен ісці ў кантэксце вялікага і шляхетнага народу, які прыцягвае ўвагу свету значнымі дасягненнямі ў многіх галінах, але якому ўсё яшчэ цяжка спаўняць нормы сапраўднай рэлігійнай свабоды, нягледзячы на факт, што ў яго Канстытуцыі гаворыцца аб павазе да гэтай свабоды». Сход у Кітаі «пашкодзіў шляху паяднання паміж католікамі „тайных супольнасцяў“ і „афіцыйных супольнасцяў“», нанёс «глыбокую рану не толькі Касцёлу ў Кітаі, але і паўсюднаму Касцёлу».

Апостальская Сталіца, пацвярджаючы сваё жаданне шчырага дыялога, адчувае сваім абавязкам сцвердзіць, што падобныя «недапушчальныя і варожыя дзеянні выклікаюць сярод вернікаў, як у Кітаі, так і ў іншых месцах, сур’ёзную страту даверу, неабходнага для пераадолення цяжкасцяў і будавання добрых адносінаў з Касцёлам у імя супольнага дабра».

catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.