2010-12-16 14:11:50

Пасланне Бэнэдыкта XVI на 44 Сусветны дзень міру: рэлігійная свабода — шлях да міру


RealAudioMP3 «Рэлігійная свабода — гэта шлях да міру», таму «належыць асуджаць не толькі ўсялякія формы рэлігійнага фанатызму і фундаменталізму, але таксама фундаменталізм і варожасць у адносінах да вернікаў, што абмяжоўвае публічную ролю вернікаў у грамадскім і палітычным жыцці», — гаворыцца ў пасланні Святога Айца Бэнэдыкта XVI на 44 Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2011 г. Пасланне было прэзентавана ў Ватыкане 16 снежня 2010 г.

У пасланні Папа кажа не толькі аб адсутнасці і абмежаваннях рэлігійнай свабоды ў краінах Азіі і Афрыкі, але і аб «больш рафінаваных формах варожасці да рэлігіі», выражэннем якіх у заходніх краінах становіцца «выключэнне рэлігійнай гісторыі і сімвалаў». Святы Айцец выказвае надзею, што на Захадзе, асабліва ў Еўропе, «будзе пераможана варожасць і забароны для хрысціян, якія паходзяць з таго, што тыя жадаюць перажываць сваё жыццё спосабам, згодным з каштоўнасцямі і прынцыпамі, заключанымі ў Евангеллі».

Пантыфік падкрэслівае значэнне міжрэлігійнага дыялога, мэтай якога з’яўляецца агульнае дабро. «Касцёл не адвяргае нічога з таго, што праўдзівае і святое ў розных рэлігіях», — нагадвае Папа і перасцерагае, што гэта, аднак, не азначае рэлігійнага рэлятывізму або сінкрэтызму.

З клопатам кажучы аб сітуацыі ў Іраку, Бэнэдыкт XVI узгадвае атаку на сіра-каталіцкую катэдру ў Багдадзе 31 кастрычніка, падчас якой былі забіты два святары і шмат вернікаў. Папа і ўвесь Касцёл, як адзначаецца, духоўна яднаюцца з іракскімі хрысціянамі, і гэта пацвярджае пасяджэнне Спецыяльнага Сіноду Біскупаў для Блізкага Усходу, якое праходзіла ў Ватыкане ў кастрычніку гг. Пантыфік заклікае католікаў да малітвы за «братоў у веры, якія зведваюць насілле і неталерантнасць», і да салідарнасці з імі. Папа з болем сцвярджае, што «ў некаторых рэгіёнах свету немагчыма свабодна вызнаваць і выражаць сваю рэлігію без рызыкі страты жыцця і асабістай свабоды».

Па словах Святога Айца, у свабодзе веравызнання знаходзіць выражэнне «спецыфіка чалавечай асобы, якая дзякуючы ёй можа надаць кірунак свайму асабістаму і грамадскаму жыццю; у святле Бога становіцца цалкам зразумелай адметнасць, сэнс і мэта існавання асобы». Бэнэдыкт XVI указвае на цесную сувязь паміж свабодай і павагай да іншага чалавека і дадае, што свабода, якая варожа ставіцца да Бога, пярэчыць у канчатковым выніку самой сабе і не гарантуе поўнай павагі да бліжняга. Таксама Папа аспрэчвае меркаванне, што «маральны рэлятывізм можа быць шансам на мірнае суіснаванне»: у сапраўднасці ён выклікае падзелы і адмаўленне чалавечай годнасці. У чалавечай асобе, па словах Пантыфіка, неабходна бачыць два вымярэнні: рэлігійнае і грамадскае, таму важна стварыць умовы для таго, каб вернікі маглі сумясціць сваё рэлігійнае жыццё з грамадскай дзейнасцю.

Святы Айцец піша таксама пра рэлігійнае выхаванне і ролю ў гэтым сям’і: «Бацькі павінны заўсёды мець магчымасць свабодна, без прымусу, і адказна перадаць дзецям уласную спадчыну веры, каштоўнасці і культуры».

Як адзначае Бэнэдыкт XVI, свабода веравызнання з’яўляецца базавай у палітычнай і прававой культуры. Міжнароднае права не дапускае ніякіх адступленняў ад прынцыпаў рэлігійнай свабоды, і рэлігійныя правы маюць такі ж статус, як права на жыццё і на асабістую свабоду. Папа кажа аб небяспеках, якія паходзяць з інструменталізацыі свабоды веравызнання, калі маскіруюцца схаваныя інтарэсы, напрыклад, захаванне ў дзяржаве ўстаноўленага парадку або атрыманне ўлады нейкай палітычнай групай. «Вызнаванне рэлігіі не можа быць выкарыстана як інструмент», — падкрэслівае Святы Айцец.

У пасланні гаворыцца аб укладзе хрысціян у развіццё цывілізацыі, дзякуючы чаму «асобы і народы атрымалі свядомасць сваёй адметнасці і годнасці, а таксама паўсталі дэмакратычныя арганізацыі, былі сфармуляваны правы чалавека і адпавядаючыя ім абавязкі». Таксама і сёння хрысціяне абавязаны ўдзельнічаць у грамадскім, эканамічным і палітычным жыцці і даваць сведчанне любові да бліжняга.

Па словах Папы, палітыка і дыпламатыя таксама павінны «прымаць пад увагу маральную і духоўную спадчыну вялікіх рэлігій свету, каб пацвердзіць праўду і ўніверсальныя каштоўнасці». Пантыфік заклікае лідэраў вялікіх рэлігій і ўсіх адказных за народы дзейнічаць на карысць «абароны свабоды веравызнання, асабліва рэлігійных меншасцяў, якія не ствараюць пагрозы для адметнасці большасці, але, наадварот, ствараюць магчымасці для дыялога і ўзаемнага ўзбагачэння культур».

«Няхай Еўропа паяднаецца са сваімі хрысціянскімі каранямі (…), каб можна было жыць у справядлівасці, згодзе і міры, праводзячы шчыры дыялог з усімі народамі», — чытаем у пасланні. На заканчэнне Папа падкрэслівае, што рэлігійная свабода з’яўляецца «сапраўдным шчытом міру». «Каб усе людзі і грамадствы ва ўсіх канцах зямлі змаглі ў хуткім часе карыстацца свабодай веравызнання, якая ёсць шляхам да міру!» — такое пажаданне выказвае Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.