2010-12-16 13:02:49

Бэнэдыкт XVI спадзяецца на паглыбленне каталіцка-лютэранскага дыялогу


RealAudioMP3 Надзею на паглыбленне каталіцка-лютэранскага дыялогу выказаў сёння Бэнэдыкт XVI, прымаючы на аўдыенцыі прадстаўнікоў Сусветнай лютэранскай федэрацыі – яе старшыню біскупа Муніба Юнана і генеральнага сакратара пастара Марціна Юнгэ, якія нядаўна прыступілі да выканання сваіх абавязкаў.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што на пачатку свайго пантыфікату, ён меў магчымасць сустрэцца з былым кіраўніцтвам Сусветнай лютэранскай федэрацыі. Ён адзначыў, што бягучы тэалагічны дыялог і практычнае супрацоўніцтва, асабліва на мясцовым узроўні, дазволілі ліквідаваць перашкоды і стымуляваць сувязі бачнага адзінства. "На працягу гадоў падрыхтоўкі да пяцісотгоддзя падзеяў 1517 года католікі і лютэране закліканы нанава прааналізаваць куды завёў нас шлях да адзінства і маліцца за Божае кіраўніцтва і дапамогу ў будучыні", - сказаў Папа.

Святы Айцец з задавальненнем адзначыў, што Міжнародная лютэранска-каталіцкая камісія па адзінстве падрыхтуе сумесны тэкст, які стане дакументальным сведчаннем таго, што католікі і лютэране могуць разам сказаць у дачыненні да нашых блізкіх адносін, пасля амаль пяці стагоддзяў падзелу.

Лютэране з'яўляюцца трэцяй па колькасці хрысціянскай супольнасцю разам з католікамі і праваслаўнымі. У Сусветную лютэранскую федэрацыю на сённяшні дзень уваходзяць 140 Цэркваў з 79 краін, якія прадстаўляюць каля 70 мільёнаў вернікаў. Штаб-кватэра федэрацыі знаходзіцца ў Жэневе. Вышэйшым органам з'яўляюцца агульныя сходы, якія адбываюцца раз на на шэсць гадоў.







All the contents on this site are copyrighted ©.