2010-12-15 17:33:46

Бэнэдыкт XVI прысвяціў агульную аўдыенцыю св. Вераніке Джуліяні


RealAudioMP3 Святая Вераніка Джуліяні, якая жыла на рубяжы XVII–XVIII стст., заахвочвае хрысціян да паглыблення еднасці з Панам і Касцёлам. Аб гэтым казаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася сёння ў Ватыкане. 27 снежня гг. адзначаецца 350-я гадавіна нараджэння гэтай святой.

На пачатку Папа адзначыў, што святая, ахрышчаная пры нараджэнні імем Урсала, у 7 гадоў згубіла маці. Была апошняй з 7 сясцёр у сям’і мытніка герцагства Пармы. Чатыры яе сястры сталі законніцамі. Менавіта ў дзень свайго 17-годдзя Урсула уступае ў суровы кляўзуровы ордэн у горадзе Кастэла, дзе пражыве да смерці, якая настала ў 67-гадовым ўзросце. Тут яна атрымлівае законнае імя Вераніка, што, як патлумачыў Папа, азначае «сапраўднае аблічча». Яна апраўдвае сваё імя, становячыся штораз больш падобным адбіткам Хрыста Укрыжаванага.

Яе жыццёвае падарожжа пачынаецца прыпадабненнем да Хрыста праз шматлікія выпрабаванні, цяжкія пакуты і містычныя перажыванні, звязаныя з цярпеннямі Езуса, такімі як цярновы вянок, містычнае вяселле, рана на сэрцы і стыгматы.

У 1716 г., у 56-гадовым узросце, Вераніка становіцца настаяцельніцай кляштара. Застанецца на гэтай пасадзе да сваёй смерці ў 1727 годзе, пасля пакутлівай 33-дзённай агоніі, якая завершыцца глыбокай радасцю, настолькі, што яе апошнімі словамі стануць: “Я знайшла каханне, любоў сталася відавочнай! Гэта – вынік маёй пакуты. Скажыце ўсім, распавядзіце пра гэта ўсім” (Summarium Beatificationis, 115-120).

26 мая 1839 г. папа Грыгорый XVI абвясціў Вераніку святой.

Вераніка Джуліані пакінула вялікую духоўную спадчыну: напісала шмат лістоў, аўтабіяграфічных нататкаў, містычных вершаў. Асноўнай крыніцай, якая дапамагае пранікнуць у яе думкі, аднак, з’яўляецца яе дзённік, пачаты ў 1693 годзе: дваццаць дзве тысячы старонак рукапісу, якія ахопліваюць перыяд у трыццаць чатыры гады кляўзуровага жыцця. Вераніка не хацела пісаць літаратурных твораў, па сутнасці, ёй загадаў апісаць свой досвед айцец Геранім Басцьянэлі, яе духоўны кіраўнік, якога падтрымаў дыяцэзіяльны біскуп Антоніо Эўстакі. Святая Вераніка мае выразную хрысталагічную духоўнасць шлюбнага вопыту: - працягваў Бэнэдыкт XVI - быць каханай Хрыстом, шчырым і верным сужэнцам, і жадаць адпавядаць такой поўні любові ўсё больш і больш горача. Для яе ўсё тлумачыцца каханнем, і гэта дае глыбокі спакой.

Папа далей падкрэсліў, што на кожнай старонцы сваіх прац Вераніка заступаецца за кагосьці перад Панам, услаўляючы Яго і ў малітве заступніцтва прапаноўваючы сябе, гатовая за іншых перанесці любы боль. “Яе сэрца пашыраецца, каб ўмясціць патрэбы ўсяго Касцёлу, які жыве моцным жаданнем выратавання усяго ўніверсальнага свету” (там жа, III-IV). Вераніка ўсклікае: “О, грэшнікі і грэшніцы ... ўсе і ўсё —прыходзьце да сэрца Есуса, паддайцеся ачышчэнню Ягонаю каштоўнаю крывёй... Ён распасцёр рукі, каб прыняць вас у свае абдымкі” (там жа, II, 16-17).

Перапоўненая гарачай любоўю, яна ўдзяляе ўвагу сёстрам кляштара, дорыць ім разуменне, прабачэнне і прапануе свае малітвы і ахвяры за Папу, біскупаў, святароў і ўсіх, хто ў ёй мае патрэбу, у тым ліку і за душы ў чысцы.

Вераніка, - сказаў сёння Пантыфік, - глыбока перажывае свой удзел у пакутах Езуса, упэўненая, што «пакуты, прынятыя з радасцю, з’яўляецца ключом да любові» ( там жа,III, IV, 192). Яна ўказвае на тое, што Езус пакутуе за здзейсненыя грахі, але і за тыя пакуты, якія Яго вернікі павінны будуць перанесці на працягу стагоддзяў дзеля Касцёла, менавіта праз іх веру, моцную і паслядоўную.

Святая, - сказаў Бэнэдыкт XVI, - пераканана, што такім чынам ужо ўдзельнічае ў Божым Валадарстве, але ў той жа час прыходзіць на дапамогу тым, хто падарожнічае ў зямной пілігрымцы, заклікаючы ўсіх святых, якія ўжо дасягнулі нябеснай радзімы. Гэта пастаяннае імкненне яе жыцця (гл. там жа, II, 909;. V, 246).

Гэта новае ў параўнанні з прапаведваннем яе часоў, калі ўвага надавалася выратаваню душаў у індывідуалістычным разуменні. Такім чынам, Вераніка выяўляе моцнае пачуццё салідарнасці з усімі братамі і сёстрамі.

У працах Веранікі, – адзначыў далей Папа, — шмат біблейскіх цытатаў, часам ускосных, але так яна паказвае знаёмства са святымі тэкстамі, якія сілкуюць яе духоўны вопыт. Варта таксама адзначыць, што містычны вопыт Вераніка ніколі не аддзяляе ад літургіі, якой яна надае асаблівае значэнне. Вераніка з’яўляецца мужнай сведкай прыгажосці і сілы Божай любові, якая яе наталяе і запальвае агнём. Гэтая любоў да Укрыжаванага пранікае ў яе цела, як і ў выпадку святога Францішка Асізскага, які таксама меў стыгматы Езуса. «Сужонка мая, — чуе яна шэпт ўкрыжаванага Хрыста, — мне дарагія вашы цярпенні дзеля пакаяння тых, хто аб’яднаны са мною пакутамі...».

Святая Вераніка Джуліані, — сказаў на заканчэнне Папа, — запрашае нас узрастаць у нашым хрысціянскім жыцці ў еднасці з Богам, аддаючыся з поўным і татальным даверам Яго волі ў лучнасці з Касцёлам — нявестаю Хрыста. Запрашае ўдзельнічаць у пакутнай любові ўкрыжаванага Хрыста дзеля збаўлення ўсіх грэшнікаў, запрашае не губляць з позірку Нябеснага Валадарства – мэты нашага зямнога падарожжа.







All the contents on this site are copyrighted ©.