2010-12-14 11:57:17

Створана хрысціянска-мусульманская антыкрызісная група


RealAudioMP3 У Жэневе каля 60 лідэраў і актывістаў мусульманскіх і хрысціянскіх арганізацый прынялі ўдзел ў міжнароднай канферэнцыі пад назвай “Зменім грамадства: хрысціяне і мусульмане будуюць агульную будучыню”. Сустрэча прайшла ў экуменічным цэнтры Сусветнай Рады Цэркваў.

У сумеснай заяве, прынятай учора на канферэнцыі, у прыватнасці гаворыцца: “Рэлігія часта становіцца перашкодай пры ўрэгуляванні канфліктаў, нават тых, рэальнай прычынай якіх яна не з'яўляецца. Мы павінны ўмець выяўляць сапраўдныя прычыны канфліктаў і зрабіць рэлігію памочніцай ў іх вырашэнні».

У форуме прыняў удзел генеральны сакратар Сусветнай Рады Цэркваў пастар Олаф Фіксэ-Твейт. Створана група спецыялістаў для больш аператыўнага рэагавання на крызісныя сітуацыі, якія ўзнікаюць паміж мусульманамі і хрысьціянамі.

На канферэнцыі таксама ішла гаворка пра важнасць рэлігійнай адукацыі ў ракурсе павагі да іншых рэлігій, сумеснай працы для вырашэння праблем сацыяльнага і экалагічнага характару.







All the contents on this site are copyrighted ©.