2010-12-12 15:50:27

"З сэрцам у кантакце". Рубрыка айца Андрэйя Буйніча


Назва нашай перадачы не выпадковая. Сэрца — гэта вельмі важнае месца. Гэта мейсца, дзе жыве Бог, менавіта ў сэрцы мы сустракаемся з Ім. Сябры, мы маем 5-6 хвілін і гэты час нашага першага выпуску, я хачу прысвяціць адказу на пытанне: навошта нам трэба вучыцца жыць духоўным жыццём.

Вось жа, нашае жыцьцё — гэта шэраг выбараў. Тое, кім мы з'яўляемся сёння — гэта сума прынятых намі раней рашэнняў. Калі я быў студэнтам матэматыкі і жыў у акадэміку, то мог назіраць, як маладыя людзі, такія як я сам, робяць свой выбар: адныя не вылазілі з чыталкі — вучыліся амаль 24 гадзіны ў суткі, другія ж кідаліся ў іншую скрайнасць — піянства... Аднак былі і такія, якія шукалі адказы на пытанні: хто я? Навошта жыву? Куды ўласна іду?

Гэтыя пытанні, хоць не з'яўляюцца яшчэ індыкатарам духоўнага жыцця, але ёсць выразным паказчыкам жыцця ўнутранага. Унутранае жыццё заклікае нас да пошукаў адказаў і ад яго ўжо зусім не далёка ад духоўнага жыцця...

Таму, паважаныя слухачы, калі кагосьці нуртуюць пытанні «Хто я? Навошта жыву? Куды ўласна іду?», то такую асобу можна толькі павіншаваць. Ёй ня трэба ехаць у Тыбет, ці ў далёкі індыйскі ашрам... Адказы на духоўна-жыццёвые пытанні можна атрымаць, слухаючы нашу перадачу «З сэрцам у кантакце». Напрыканцы перадачы я прадыктую эмэйл адрас, на які вы зможаце дасылаць свае лісты з пытаннямі.

Калі я быў студэнтам, я задаваў сабе пытанні і шукаў тых людзей, якія б дапамаглі мне знайсці адказ. Памятаю, як я прыходзіў у храм на багаслужэнне. Там быў натоўп людзей... Старэнькі святар прамаўляў да іх. Ён мяне вельмі прыцягваў сваёй асобай. Мне вельмі хацелася пазнаёміцца з ім, распавесці пра свой пошук, перажыванні, атрымаць парады... Аднак перамагла мая сарамлівасць — я ніколі не падышоў да яго...

Не рабіце такой памылкі, сябры, не бойцеся пытацца! Я маю дзёрскасць у гэтай перадачы разам з вамі шукаць адказаў на вашыя пытанні. На працягу будучых перадач мы будзем разважаць пра малітву (што такое малітва, як можна навучыцца маліцца), таксама будзем разважаць пра жыццё і смерць, пра сумленне і Божыя запаведзі. Памятайце, што змест перадач у шмат чым будзе залежыць ад вас — вашых пытанняў. Хай гэтая праграма «З сэрцам у кантакце» будзе для вас духоўным таварышам.

Хто такі духоўны таварыш? Вось жа ў гэтым месцы мне прыгадаўся анекдот: два прафесара матэматыкі захацелі павесіць партрэт на сцену ў кабінеце. Адзін з іх стаў на стул забіваць цьвік, другі стаяў побач і назіраў. У першага прафесара нічога не атрымоўвалася — ён выпадкова перавярнуў цьвік «шляпкай» да сцяны. Урэшце другі прафесар заўважыў гэта і сказаў: «Калега, вы ўзялі цьвік ад супрацьлеглай сцяны!».

Падобным чынам адбываецца і ў нашым духоўным і ўнутраным жыцці. Мы вельмі часта бярэм «цьвікі ад супрацьлеглых» сьцен: проста не заўважаем нейкіх малых, але важных дробязяў. І вось духоўны таварыш — гэта наш калега з добрым духоўным зрокам, які заўсёды зможа сказаць: «Дрэнна вясіць партрэт — сантыметр управа і адрабіну ўніз!».

Хай гэтая перадача будзе для кожнага такім таварышам, і хай усе карціны ў доме вашага сэрца вісяць так, як ім належыць. На сёння ўсё, дарагія сябры, і я развітваюся з вамі. Пішыце на мэйл zsercam@gmail.com . З вамі быў я, айцец Андрэй Буйніч. Да хуткай сустрэчы.







All the contents on this site are copyrighted ©.