2010-12-12 13:34:44

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: калі ўсё праходзіць і змяняецца, Слова Пана застаецца


RealAudioMP3 Важнасць сталасці і настойлівасці ў жыцці чалавека падкрэсліў Бэнэдыкт XVI перад малітвай “Анёл Панскі”сёння на Плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“Дарагія браты і сёстры!

У гэту трэцюю нядзелю Адвэнта, літургія прапануе нам фрагмент Паслання св. Якуба , які пачынаецца з закліку: "Цярплівымі будзьце, браты, ажно да прыйсця Пана" (Як 5,7). Мне здаецца, важна падкрэсліць, як ніколі ў наш час, значэнне сталасці і настойлівасці ў чаканні - цнотаў, якія былі натуральным "багажом", але сёння з'яўляюцца меньш папулярнымі ў свеце, што цэніць, перш за ўсё, здольнасць змяняцца і адаптавацца да ўсё новых і розных сітуацый. Не ігнаруючы ні ў якім выпадку гэтых аспектаў, якія з’яўляюцца аднымі з якасцяў чалавека, Адвэнт заклікае нас да ўмацавання ўнутранай настойлівасці, сілы духа, якія дазваляюць нам не паддацца роспачы ў чаканні дабра, якое адкладае свой прыход, але чакаць яго, больш таго - падрыхтавацца да яго прыходу ў духу творчай надзеі.

"Вось земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі - піша св. Якуб - і дзеля яго доўга церпіць, пакуль не атрымае плод, ранні і позні. Будзьце цярплівымі і вы, умацуйце вашыя сэрцы, бо набліжаецца прыйсце Пана"(Як 5,7-8). Параўнанне з земляробам вельмі красамоўнае: спачатку сеіць, некалькі месяцаў цярпліва і аддана чакае, але ведае, што ў гэты час насенне праходзіць свой цыкл дзякуючы восеньскім і вясновым дажджам. Земляроб – не фаталіст, ён паказвае своеасаблівы вобраз мыслення, які збалансавана аб'ядноўвае веру і розум. З аднаго боку, ведае законы прыроды і добра выконвае сваю працу, з другога, верыць у Провід, бо некаторыя фундаментальныя справы ляжаць не ў яго руках, але Божых. Цярпялівасць і настойлівасць ствараюць сінтэз паміж чалавечай актыўнасцю і даверам Богу.

"Умацуйце сэрцы вашыя" – кажа Святое Пісаньне. Як мы можам гэта зрабіць? Як мы можам умацоўваць нашыя сэрцы больш і больш, самі па сабе далікатныя і якія культура, у якую мы пагружаныя, робіць больш і больш няўстойлівымі? У нас не будзе недахопу дапамогі: ёй з’яўляецца Божае Слова. Бо, калі ўсё праходзіць і змяняецца, Слова Пана застаецца. Калі жыццёвы лёс прымушае нас адчуваць сябе страчанымі і ўся ўпэўненасць здаецца згубленай, у нас ёсць компас, каб знайсці накірунак, у нас ёсць якар, каб не быць выкінутымі ў бездань. Прыкладам для нас з'яўляюцца прарокі, гэта значыць тыя людзі, якіх Бог паклікаў выступаць ад Яго імя. Прарок знаходзіць сваю радасць і свае сілы ў слове Пана, і, ў той жа час, калі людзі часта шукаюць шчасця на вуліцах, якія аказваюцца фікцыяй, Ён абвяшчае рэальную надзею, якая не падманвае, таму што грунтуецца на вернасці Богу. Кожны хрысціянін моцай Хросту атрымаў прарочую годнасць: няхай кожны нанава адкрые і адродзіць яе дзякуючы ўважліваму слуханню Божага Слова. Няхай гэта выпрасіць для нас Дзева Марыя, якую Евангелле называе благаслаўлёнай, таму што яна паверыла ў выкананне словаў Пана (пар. Лк 1,45)”.

На заканчэнне Святы Айцец удзяліў сабраным на Плошчы св. Пятра сваё апостальскае бласлаўленне і прывітаў вернікаў на італьянскай, французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай, партугальскай, венгерскай і польскай мовах.







All the contents on this site are copyrighted ©.