На важнасць парафіяльнай
супольнасці для справы новай евангелізацыі звярнуў увагу Бэнэдыкт XVI падчас сённяшняга
пастырскага візіту ў рымскую парафію святога Максіміліяна Кольбэ. Гэта дзесятая рымская
парафія, якую наведаў Пантыфік.
Звяртаючыся да вернікаў Бэнэдыкт XVI падзякаваў
адмысловым чынам за дар штотыднёвай эўхарыстычнай адарацыі ў яго інтэнцыі. Ён падкрэсліў
важнасць прысутнасці ў гэтай парафіі розных груп і супольнасцяў, у тым ліку Нэокатэхуменальнага
Шляху, якому гэты храм абавязаная сваім інтэр’ерам. Святы Айцец заклікаў сем'і да
сужэнскай вернасці, якая патрабуе мужнасці, высакароднасці і самаадданасці. Ён адзначыў,
што ў Рым прыбываюць сем’і з іншых рэгіёнаў Італіі, а ў апошні час, таксама з-за межаў
краіны. "Імкніцеся заставацца ў супольнасці з усімі" – сказаў Папа, паказваючы на
неабходнасць адкрытасці на іншых, пачынаючы ад бліжэйшых суседзяў.
Гаворачы
аб дзейнасці парафіі, Святы Айцец падкрэсліў, што кожны павінен знайсці ў ёй магчымасць
фарміравання ў веры і жыццё ў супольнасці. Яна павінна дапамагчы адкрыць прыгажосць
наследавання Хрыста і ролі Касцёла, шляхам паглыблення нядзельнай Эўхарыстыі і спраў
хрысціянскай дабрачыннасці. Гэта праца мае характар евангелізацыйны, таму што місія
Касцёла заключаецца ў нясенні Евангельскага паслання ўсім.
Спасылаючыся на
літургічныя чытанні трэцяй нядзелі Адвэнту, Бэнэдыкт XVI падкрэсліў важнасць сталасці
і вытрымкі ў чаканні Пана. Ён спаслаўся на ілжывыя прароцтвы і ідэалогіі, якія абяцаюць
радыкальныя змены. Папа адзначыў, што на самой справе яны прывялі да глыбокага знішчэння
чалавека і даручанага яму свету. "Трэба нанава паглядзець на Хрыста, які не змяняў
свет з дапамогай сілы, але аддаў Сябе за жыццё свету", - сказаў Святы Айцец. У гэтым
кантэксце, Бэнэдыкт XVI узгадаў постаць апекуна парафіі святога Максіміліяна Кольбэ,
які аддаў сваё жыццё за бацьку сям'і, святога Дам’яна дэ Вэстэр, які прысвяціў сябе
пракажоным і памёр сярод іх, а таксама благаслаўлёную Маці Тэрэсу з Калькуты, апостала
любові сярод найбяднейшых. "Не гвалт, але дзейснае святло ісціны і ласкі Божай змяняе
свет да лепшага", - сказаў Святы Айцец. Ён заклікаў вернікаў, каб яны станавіліся
святлом для іншых, падкрэсліваючы, што гэта місія і пакліканне парафіяльнага Касцёла.