2010-12-09 11:58:41

Мітрапаліт Кандрусевіч пра пагадненне паміж Беларуссю і Ватыканам і выбары


RealAudioMP3 Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў, што Касцёл у Беларусі зацікаўлены ў тым, каб дзяржава заключыла пагадненне з Апостальскай Сталіцай, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Interfax.

"Пагадненне паміж Ватыканам і Беларуссю дазволіць заключаць пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Каталіцкім Касцёлам у Беларусі і міністэрствамі", - заявіў арцыбіскуп Кандрусевіч сёння, 9 снежня, на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Пры гэтым ён падкрэсліў: "Мы зацікаўлены, каб такое пагадненне існавала".

Закранаючы перспектывы візіту ў Беларусь папы Бэнэдыкта XVI, Мітрапаліт адзначыў, што "у Беларусі хочуць, каб ён прыехаў". "Кіраўніцтва краіны і Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў накіравалі запрашэнне Пантыфіку, каб ён наведаў Беларусь", - сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

На пытанне адносна будучых выбараў арцыбіскуп Кандрусевіч адказаў, што Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі не мае права агітаваць за каго-небудзь з кандыдатаў у прэзідэнты. "Касцёл ніколі не прымае ўдзелу ў агітацыі за якога-небудзь кандыдата ў прэзідэнты. Гэта забаронена", - падкрэсліў Мітрапаліт.

"Мы маем права казаць толькі аб тым, каб людзі прымалі ўдзел у выбарах", - сказаў мітрапаліт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што такая пазіцыя рэгулюецца сацыяльным навучаннем Каталіцкага Касцёла.

Мітрапаліт адзначыў, што пастырскай тэмай 2011 года будзе Божая міласэрнасць. Яна была абрана таму, што ў кастрычніку ў Кракаве (Польшча) адбудзецца ІІ Сусветны кангрэс, прысвечаны Божай міласэрнасці. Між іншым, у кангрэсе прыме ўдзел і беларускі арцыпастыр, які ўвойдзе ў склад ганаровага камітэта кангрэсу. Па словах Мітрапаліта, для справы пашырэння ідэі Божай міласэрнасці шмат учыніў Слуга Божы Ян Павел ІІ, а працягвае яго справу сённяшні папа Бэнэдыкт XVI.

На красавік-май 2011 г. запланавана наступная пілігрымка з Беларусі ў Святую Зямлю. Яна будзе прысвечана асвячэнню табліцы з малітвай «Ойча наш» на беларускай мове, якую Касцёл у Беларусі атрымаў дазвол змясціць на сцяне храма Pater Noster у Іерусаліме.

Напрыканцы прэс-канферэнцыі іерарх павіншаваў усіх прысутных з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння і прыняў узаемныя віншаванні і пажаданні ад удзельнікаў сустрэчы. Мерапрыемства завяршылася дзяленнем аплаткай, складаннем адно аднаму шчырых віншаванняў і пачастункам.







All the contents on this site are copyrighted ©.