2010-12-07 13:45:12

“ІІ Ватыканскі сабор – компас ІІІ-га тысячагоддзя”. Выпуск 4


RealAudioMP3 Мы працягваем цыкл разважанняў аб Другім Ватыканскім Саборы, мэтай якіх з’яўляецца адкрыццё нанава скарбаў сабору і яго актуальнасці ў наш час.

У чым асаблівасць хрысціянства і што вылучае яго сярод іншых рэлігій? Ключавы тэрмін да гэтага пытання – “Аб’яўленне”. Не здзіўляе тое, што для многіх, адным з самых важных дакументаў Сабору з’яляецца Канстытуцыя пра Божае Аб’яўленне “Dei Verbum” (“Слова Бога”) , якая знайшла свой працяг у постсінадальнай адгартацыі Папы Бэнэдыкта XVI “Verbum Domini” (“Слова Божае”). Сапраўды, хрысціянская вера не з’яўляецца рэлігіяй, якая нарадзілася дзякуючы намаганню чалавека знайсці Бога. Гэта адказ на дзейнасць Бога, які сам пажадаў аб’явіцца чалавеку.

Сабор кажа: “Спадабалася Богу ў сваёй дабрыні і мудрасці аб’явіць сябе (...). Бог пажадаў паказаць і перадаць самога сябе”. Аб’яўленне не проста праўда веры, якая паходзіць са Святога Пісання і з Традыцыі. Нават, не існуе набора дагматаў, якія б маглі прэтэндаваць на тое, каб ахапіць усю хрысціянскую веру. У цэнтры Аб’яўлення стаіць сустрэча з Асобай, з Езусам Хрыстом.

Таму кожная рэформа Касцёла і ў Касцёле павінна пачынацца з жывога вопыту Езуса, якія прыйшоў да нас і прыходзіць зараз. Многія новыя каталіцкія рухі маюць свой пачатак ў гэтым адкрыцці нанава. Ян Павел ІІ у сваім пасланні “Novo millenio ineunte” (“На пачатку новага тысячагодзя”), якое можна лічыць запаветам Папы для Касцёла на ХХІ стагодзе, кажа: “Нас збавіць не пэўная формула, але Асоба, і ўпэўненасць у Яго словах: Я з вамі! Размова ідзе не аб тым каб прыдумаць нейкую “новую праграму”. Праграма ужо існуе (...) Яна знаходзіцца ў самім Хрысце”.

Саборнае абнаўленне заключаецца ў тым, каб шукаць правільны адказ на словы “Я з вамі”. Аднак, як нам нагадвае Сабор, яго нельга знайсці не чытаючы Біблію: “Няведанне Пісання — гэта няведанне Хрыста”.







All the contents on this site are copyrighted ©.