2010-12-07 11:52:36

Кітай: паліцыя выкрадае біскупаў для ўдзелу ў Асамблеі Прадстаўнікоў


RealAudioMP3 Кітайская паліцыя выкрадае біскупаў для ўдзелу ў Асамблеі прадстаўнікоў кітайскіх католікаў - паведамляе агенцтва “AsiaNews”. У той жа час, агенцтва нагадвае словы з Ліста Бэнэдыкта XVI да кітайскіх католікаў у 2007 годзе, дзе Папа сказаў, што дзейнасць такога тыпу не можна пагадзіць з каталіцкай верай.

Адкрытая сёння ў Пекіне Асамблея павінна зрабіць выбар, між іншым, старшынь Патрыятычнага таварыства кітайскіх католікаў і так званай Рады кітайскіх біскупаў - не прызнанага Апостальскай Сталіцай аналагу біскупскіх канферэнцыі. Абедзве гэтыя пасады вакантныя з 2007 і 2005 года, калі памерлі іх кіраўнікі: біскуп Фу Цішан і біскуп Джозэф Лю Янрэн. Сустрэча праходзіць у таямніцы, аб ёй не інфармуе нават ўрадавае агенцтва "Сіньхуа". Раней усе ўдзельнікі атрымалі інструкцыі ад “рэжысёра” гэтай падзеі - віцэ-прэзідэнта Патрыятычнага таварыства Лю Бэйняна. Правядзенне асамблеі адкладвалася на працягу чатырох гадоў, бо біскупы, выконваючы загад Апостальскай Сталіцы, ўхіляліся ад удзелу ў такога тыпу мерапрыемстве.

Па дадзеных агенцтва “AsiaNews”, многія біскупы, не жадаючы прыняць удзел у нарадзе,
схаваліся або паінфармалі аб сваёй хваробе, іншыя былі выкрадзены супрацоўнікамі ўрада і змушаны супраць іх волі прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве. Яшчэ іншыя, ведаючы, што яны не ў стане пазбегнуць удзелу, вырашылі паехаць у Пекін, але паставілі ўмову, што не будуць канцэлебраваць св. Імшу з біскупамі, якія знаходзяцца ў стане экскамунікі, прыняўшы біскупскае пасвячэнне без згоды Святога Айца. На жаль, ёсць таксама біскупы, якія не выказалі ніякага пратэсту.

Найбольш сур'ёзны інцыдэнт адбыўся ў Хэнгшуй (правінцыя Хэбэй), дзе біскупа Фэнг Ксіньмао схапіла каля 100 паліцэйскіх, не гледзячы на абарону свайго біскупа вернікамі. Аддзін з абаронцаў іерарха быў паранены. У апошнія дні біскупа ўтрымлівалі ў ізаляцыі, але вернікі змаглі вырваць яго з рук паліцыі і даставіць у будынак біскупскай курыі. Пасля доўгіх гадзін аблогі біскуп Фэнг Ксіньмао быў выкрадзены ўчора каля 20.30 мясцовага часу супрацоўнікамі кітайскіх служб і дастаўлены ў Пекін для ўдзелу ў Асамблеі прадстаўнікоў кітайскіх католікаў.

Іншы біскуп, Лі Лянгуй з Кангджоў (правінцыя Хэбэй), сышоў у падполле, каб пазбегнуць удзелу ў спатканні. У сувязі з гэтым паліцыя пагражала дыяцэзіі, што калі іерарх не вернецца, будзе паданы ў рэспубліканскі вышук як "небяспечны злачынец".

Скліканне Асамблеі прадстаўнікоў кітайскіх католікаў і выкраданне біскупаў паклала цень на адносіны паміж уладамі КНР і Апостальскай Сталіцай. Сур’ёзным ударам было таксама нелегальнае ўдзяленне біскупскай сакры кс. Го Джынсэю ў Чэнгдэ 20 лістапада. Да ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве былі змушаны восем афіцыйных біскупаў, што Ватыкан назваў сур'ёзным парушэннем рэлігійнай свабоды і асабістай годнасці біскупаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.