2010-12-06 19:05:18

Homo caritatis. Папа Павел VI і яго энцыкліка "Populorum progressio"


Дарагія сябры, у сённяшняй праграме мы пагаворым аб энцыкліцы Папы Паўла VI, якая называецца “Populorum progressio” (“Развіццё народаў”). Яна была напісана праз два гады пасля заканчэння Другога Ватыканскага Сабора, ў 1967 годзе.

З’яўленне энцыклікі прысвечанай тэме развіцця народаў было абумоўлена двума важнымі фактарамі: па-першае Папа імкнуўся на практыцы рэалізаваць рашэнні Другога Ватыканскага Сабора, які менавіта яму наканавана было закрываць і падпісваць яго канчатковыя дакументы. А другім важным фактарам, які паўплываў на з’яўлення энцыклікі “Populorum progressio” быў асабісты вопыт Пантыфіка. Яшчэ будучы біскупам, Павел VI здзейсніў два важныя падарожжы - у Лацінскую Амерыку і ў Афрыку, а праз некалькі год, ужо будучы абраным на Пасад св. Пятра, наведаў Святую Зямлю і Індыю. Вопыт гэтых падарожжаў дазволіў Папе пазнаёміцца з жыццём і праблемамі народаў гэтых краін і кантынентаў. Павел VI на ўласныя вочы змог пабачыць людзей, якія пакутавалі ад страшэннай беднасці, хваробаў, неадукаванасці; убачыць наступствы шматлікіх ваенных канфліктаў і адчай людзей якія апынуліся па-за цывілізаваным жыццём.

Для спрыяння развіццю народаў, яшчэ да напісання энцыклікі “Populorum progressio”, Павел VI абвясціў аб стварэнні спецыяльнай Папскай рады пры цэнтральных кіраўнічых органах Касцёла, якая атрымала назву “Iustitia et pax” (“Справядлівасць і мір”). Гэта структура актыўна дзейнічае да сённяшняга дня і яе намаганні скіраваныя на спрыянне інтэгральнаму развіццю чалавека і развіццю салідарнасці паміж усім чалавецтвам.

Дзейнасць Касцёла ў гэтай сферы рэч не новая. Яна адносіцца яшчэ да самых старажытных часоў. Дастаткова ўзгадаць дзейнасць шматлікіх місіянераў, якія вельмі часта станавіліся сапраўднымі піянерамі ў матэрыяльным і культурным развіцці народаў. Можна ўзгадаць тую ролю, якую Касцёл выконваў у распаўсюджванні адукацыі, праз будаўніцтва школ і універсітэтаў, у клопаце аб здароўі людзей праз будаўніцтва шпіталёў.

Такая дзейнасць Касцёла, укаранена ў заданне, якое чалавек атрымаў ад самаго Бога, піша папа Павел VI ў энцыкліцы “Populorum progressio”. У Божым плане, кожны чалавек пакліканы да развіцця, якое трэба разумець не толькі як эканамічны рост, але якое датычыцца кожнага чалавека інтэгральным чынам. Чалавек, якога Бог адарыў розумам і свабодай, адказны таксама за сваё развіццё, як і за сваё збаўленне. Гэты абавязак датычыцца як чалавека самога, кажа Папа, але таксама і ўсяго грамадства, членам якога чалавек з’яўляецца.

Мець усё больш, як для народаў, так і для асобнага чалавека, не з’яўляцца галоўнай мэтай. Наадварот, жаданне мець больш замыкае чалавека ў самім сабе, робіць яго сэрца больш цвёрдым і перашкаджае глядзець навокал. Пошук уласнага багацця становіцца вялікай перашкодай для асабістага развіцця і для ўласнай велічы. Як для асобных людзей, так і для цэлых народаў прагнасць становіцца сведчаннем вялікага маральнага “недаразвіцця”, кажа Папа.

“Калі дасягненне прагрэсу патрабуе вялікай колькасці тэхнікаў, то яшчэ больш яно патрабуе людзей здольных глыбока мысліць, шукаючых шляхі да новага гуманізма, які дазволіць чалавеку знайсці самога сябе, прымаючы найвышэйшыя каштоўнасці любові, сяброўства, малітвы і медытацыі”, цытуе Папа словы вялікага хрысціянскага мысліцеля ХХ стагодзя Жака Марытэна. Толькі так можна асягнуць поўню развіцця, якое з’яўляецца шляхам ад меньш чалавечых да больш чалавечых умоваў жыцця.

Пантыфік удакладняе, што меньш чалавечыя ўмовы, гэта матэрыяльны недахоп тых, хто пазбаўлены пражытачнага мінімума і маральны недахоп тых, хто пакалечаны эгаізмам, структуры гвалту, якія былі народжаны прагнасцю да багацця ці ўлады, эксплуатацыяй рабочых ці несправядлівымі, падманнымі дагаворамі.

Больш чалавечыя паводле Паўла VI, гэта тыя ўмовы жыцця, якія характарызуюцца перамогай беднасці праз валоданне тым, што сапраўды неабходнае, перамога сацыяльных бедаў, пашырэнне ведаў і развіццё культуры, павышэнне павагі да годнасці іншага чалавека, жыццё ў духу беднасці, супрацоўніцтва дзеля агульнага дабра і барацьба за мір. Яшчэ больш чалавечыя ўмовы датычаць празнання чалавекам найвышэйшых каштоўнасцяў, Бога, веры, адзінства ў любові Хрыста, які кліча нас усіх удзельнічаць у жыцці ў якасці дзяцей жывога Бога, Айца ўсіх людзей.

Такое інтэгральнае развіццё чалавека немагчыма без развіцця салідарнасці паміж усім чалавецтвам. “Чалавек, павінен сустрэць іншага чалавека, нацыі павінны сустрэцца як браты і сёстры, як дзеці Бога. У гэтым святым адзінстве мы павінны пачаць працаваць дзеля ўсталявання супольнага чалавецтва”, заклікаў Пантыфік. Асаблівую ролю ён надаў больш развітым і багатым краінам, абавязкам якіх з’яўляецца падтрыманне бедных дзяржаў, а таксама, каб развіццё багатых краін не перашкаджала развіццю бедных. Салідарнасць і адкрытасць неабходныя, бо бедныя народы не могуць развівацца ў ізаляцыі.

Яшчэ адным фактарам, які павінен нас кіраваць на дапамогу бедным, кажа Папа ў сваёй энцыкліцы, з’яўляецца той факт, што эканамічная, сацыяльная, культурна няроўнасць правакуе канфлікты, якія пагражаюць міру. Таму клопат аб універсальнай справядлівасці з’яўляецца абавязкам усіх, з’яўляецца нашым супольным дабром.

На заканчэнне энцыклікі Папа звяртаецца да католікаў, да ўсіх хрысціян і веруючых, людзей добрай волі, дзяржаўных дзеячоў, мысліцеляў з заклікам стаць апосталамі сапраўднага развіцця, якое з’яўляецца не эгаістычным валоданнем багаццямі, але эканомікай, якая служыць чалавеку, хлебам штодзённым даступным для ўсіх, як крыніца братэрства і знак Божага Провіду.

Энцыкліка “Populorum progressio” ( “Развіццё народаў”) з’яўляецца адной з самых вядомых у гісторыі Касцёла. Энцыкліка Паўла VI натхніла яго наступнікаў да паглыблення тэрміну “развіццё”. Аб ім казаў і Папа Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI, які прысвяціў актуальнасці энцыклікі “Populorum progressio” цэлую главу сваёй апошняй энцыкліцы “Caritas in veritate”. Аб укладзе гэтых Папаў у развіццё сацыяльнай навукі мы будзем размаўляць у наступных праграмах.

На гэтым мы развітваемся да наступнага аўторка. Пахвалёны Езус Хрыстус!








All the contents on this site are copyrighted ©.