У мінулую ноч у італьянскім
Неапалі памёр кардынал Мікеле Джардано, арцыбіскуп Неапальскі на пенсіі. 26 верасня
2010 г. іерарху споўнілася 80 год. Сёння раніцай святую Імшу ў інтэнцыі памерлага
ўзначаліў яго наступнік кардынал Крэшчэнцыо Сэпэ. Кардынал Джардано прыняў святарскае
пасвячэнне 5 ліпеня 1953 г. Ужо амаль праз 19 год атрымаў біскупскую сакру і стаў
дапаможным біскупам архідыяцэзіі Матэра, а таксама апостальскім адміністратарам дыяцэзіі
Ірсіна, Гравіна і Альтамура. Праз два гады, 12 чэрвеня 1974 г., стаў арцыбіскупам
Матэра і Ірсіна, а 9 мая 1987 г. — Мітрапалітам Неапаля, трэцяй па колькасці вернікаў
дыяцэзіі ў Італіі.
Асаблівую ўвагу ў сваім служэнні прысвячаў вязням, убогім
і хворым. 28 чэрвеня 1988 г. Ян Павел ІІ далучыў яго да Калегіі кардыналаў. 20 мая
2006 г. папа Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне іерарха аб вызваленні з пасады ў сувязі
з дасягненнем пенсійнага ўзросту.
Пасля смерці 80-гадовага іерарха Калегія
кардыналаў налічвае 201 члена, з якіх 121 яшчэ не споўнілася 80 гадоў і яны маюць
права ўдзельнічаць у абранні Пантыфіка. Сярод членаў Калегіі 71 іерарх быў пакліканы
Янам Паўлам ІІ, а 50 — сённяшнім Святым Айцом. З 80 кардыналаў, якім больш за 80 год,
4 надаў кардынальскую годнасць Павел VI, 67 — Ян Павел ІІ, 9 — Бэнэдыкт XVI.