2010-11-26 13:39:25

Рапарт арганізацыі «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» прадстаўляе сітуацыю хрысціян у 194 краінах


RealAudioMP3 70% насельніцтва свету жывуць у краінах, дзе не захоўваецца права на свабоду веравызнання. Аб гэтым паведамляецца ў рапарце арганізацыі «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», прадстаўленым у Рыме 26 лістапада 2010 г. (?) Каталіцкая дабрачынная арганізацыя зрабіла маніторынг сітуацыі хрысціян у свеце і на падставе сабраных даных прадставіла становішча ў 194 краінах.

Рапарт прадстаўляе цэласную мапу падзей ад пераследу хрысціян да з’явы дыскрымінацыі і рэлігійнай нецярпімасці. Крывавыя атакі, паводле рапарту, адбываюцца найчасцей у рэгіёнах Афрыкі і Азіі. Цяжкай з’яўляецца сітуацыя хрысціян на Блізкім Усходзе, у такіх краінах, як Ірак, Егіпет або сектар Газа. Расце таксама колькасць выпадкаў насілля над хрысціянамі ў Індыі. У Паўднёвай Амерыцы назіраюцца частыя забойствы святароў у Бразіліі, Калумбіі і Мексіцы. У Еўропе найбольш цяжкая сітуацыя хрысціян у Турцыі. У Беларусі, як паведамляе рапарт, са з’явамі дыскрымінацыі сустракаюцца замежныя місіянеры. Відавочнае пацяпленне назіраецца ў адносінах «дзяржава–Касцёл» у Расіі.

Сітуацыя вызнаўцаў Хрыста ў Кітаі, як адзначаецца, таксама з’яўляецца цяжкай, хоць камуністычныя ўлады краіны прыкладаюць намаганні, каб інфармацыя на гэтую тэму не выходзіла за межы дзяржавы. Нягледзячы на тое, што каталіцызм у Кітайскай Народнай Рэспубліцы прызнаны афіцыйна, яго вызнаўцы знаходзяцца пад кантролем уладаў. Паводле даных рапарту, акрамя «афіцыйнага Касцёла», у які ўваходзяць каля 8 мільёнаў вернікаў, у краіне існуе амаль столькі ж вернікаў «катакомбавага Касцёла», і гэтыя дзве супольнасці не ўдаецца аб’яднаць. Напружанне ў краіне ствараецца і за кошт арыштаў святароў, якія не згаджаюцца на поўнае падпарадкаванне Патрыятычнаму Таварыству, што дзейнічае ў КНР.

Як гаворыцца ў рапарце, кітайскія біскупы могуць публічна дзейнічаць і выступаць пры ўмове ўступлення ў Патрыятычнае Таварыства. Мэтай таварыства з’яўляецца стварэнне ў краіне Касцёла, незалежнага ад Ватыкана, што ідзе насуперак каталіцкай веры. Многія святары ў Кітаі знаходзяцца ў вязніцы або на прымусовых працах, некалькі дзесяткаў біскупаў — пад хатнім арыштам.

catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.